- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Выхаванне мінулым

 

У выхаваўчай рабоце педагогі Князеўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна актыўна выкарыстоўваюць магчымасці экскурсійнай дзейнасці. Гэта дазволяе не толькі павысіць адукацыйны ўзровень вучняў, але і разнастаіць формы выхаваўчай работы. І такі накірунак дзейнасці запатрабаваны ў канікулярны час, актыўна выкарыстоўваецца ў шосты школьны дзень.

Педагогі нашай школы імкнуцца кожную вандроўку па родным краі прымеркаваць да нейкай нагоды. Адной з іх стала 78-годдзе хатынскай трагедыі, якое знайшло сваё адлюстраванне ў класных гадзінах, хвілінах мужнасці, акцыях, доглядзе тэрыторыі ля помніка загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Князева. Працягам пачатай работы стала наведванне Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П.І.Баграціёна і мемарыяльнага комплекса “Шавулічы” вучнямі 1–9-х класаў.

Першы пункт – знаёмства з гісторыяй старажытнага Ваўкавыска. Многа цікавага і новага даведаліся вучні пра вайну 1812 года, пра Першую сусветную і Вялікую Айчынную вайну. З вялікім інтарэсам слухалі вучні гістарычны аповед, з цікавасцю разглядалі старажытную зброю, узоры ваеннай амуніцыі як рускай арміі, так і французскай, партрэты славутых палкаводцаў. Уразіла багацце абсталявання і экспанатаў, афармленне пакояў, колькасць экспанатаў, відаў зброі і макетаў. Думаецца, вучням будзе што расказаць на ўроках гісторыі і літаратуры.

Наступным аб’ектам экскурсіі стаў мемарыяльны комплекс “Шавулічы”, што знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне. У мінулым стагоддзі бурліла жыццё вёсачкі Шавулічы, а цяпер тут усіх сустракае мемарыяльны комплекс. Шавулічы – малодшая сястра Хатыні – перастала існаваць 7 ліпеня 1943 года. Жыццё ў гэтай вёсцы спынілася раніцай: за дапамогу партызанам фашысты ў тры колы акружылі вёску, мужчын заставілі капаць сабе магілы, а потым расстралялі 366 жыхароў, з іх – 120 дзяцей. Усе дамы і пабудовы былі спалены. Так вёска Шавулічы, якая складалася з 77 двароў, дзе жыло 94 сям’і, знікла. Кожны год 7 ліпеня на месцы спаленай вёскі мнагалюдна. З розных куточкаў Беларусі збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць загінулых жыхароў. Трагічныя падзеі таго часу немагчыма зразумець і прыняць. Застаецца толькі памятаць і не забываць, якім коштам нашаму народу дасталася Вялікая Перамога.

Дарога дамоў аказалася багатай на ўспаміны і ўражанні. А самае галоўнае: вучні набылі новыя веды і ўпэўніліся ў тым, што мір трэба берагчы.

 

Людміла ЛУДЗІЧ,
класны кіраўнік 1-га класа
Князеўскай сярэдняй школы
Зэльвенскага раёна
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий