- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Пра вязняў канцлагераў – у школьным музеі

 

12 красавіка ў 5-м класе Нацкага ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна прайшла інфармацыйная гадзіна, прысвечаная Міжнароднаму дню вызвалення вязняў канцлагераў.  

Мерапрыемства адбылося ў школьным гістарычна-краязнаўчым музеі імя Т.Нарбута. Менавіта тут знаходзіцца невялікая экспазіцыя, прысвечаная Г.П.Кастко, былому малалетняму вязню фашысцкага лагера смерці “Азарычы”. У ходзе інфармацыйнай гадзіны вучні даведаліся пра лагер смерці, у якім знаходзілася больш 50 000 чалавек. Старыя і дзеці ў такіх лагерах паміралі сотнямі, трупы кідалі ў роў з вадой, які быў падрыхтаваны загадзя. Выжылі толькі самыя вынослівыя.

Затым пяцікласнікі пазнаёміліся з успамінамім Генадзя Паўлавіча пра тыя жудасныя падзеі, якія прачытала Дамініка Спудзіс, пагарталі старонкі кнігі ”Азарыцкі лагер смерці”. Кнігу і іншыя экспанаты Генадзь Паўлавіч пакінуў школьнаму музею.

Падчас мерапрыемства вучні даведаліся, што Г.П.Кастко пасля заканчэння педінстытута працаваў у Нацкай школе настаўнікам фізікі, пазней стаў дырэктарам, будаваў школу, вялікую ўвагу надаваў патрыятычнаму выхаванню, музейнай справе. Самым галоўным святам для Генадзя Паўлавіча з’яўляецца Дзень Перамогі. Сёлета ён будзе сустракаць гэты дзень у 89-гадовым узросце.

Напрыканцы у памяць пра дзяцей, якія загінулі ў лагеры, вучні намалявалі ружу, абплеценую калючым дротам – сімвал Азарыцкага лагера смерці, як надзею на тое, што падобнае не павінна паўтарацца ніколі.

 

Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5-га класа,
кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея імя Т.Нарбута
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий