Тыдзень дабрынi  

- 17:47ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Акцыя “Тыдзень дабрыні” прайшла ў яслях-садзе № 39 Гродна.

Дарослыя расказваюць дзецям пра дабрыню, дапамагаюць сваімі ўчынкамі зразумець, што дабрыня – гэта самая лепшая чалавечая якасць, паказваюць яркія прыклады дабрыні сваім дзецям. Кожны выхаванец дашкольнай установы ведае, што дабрыня – гэта чуласць, спагадлівасць, далікатнасць у адносінах да іншага. Дабрыня, міласэрнасць, радасць, перажыванне за іншых, ствараюць аснову чалавечага шчасця. Чалавек, які робіць дабро іншым, адчувае сябе шчаслівым.

Самыя маленькія выхаванцы першых малодшых груп правялі “Дзень абдымак”, дарылі сваю дабрыню не толькі мамам, але і адно аднаму. Акуратна палівалі кветачкі, складвалі цацкі, у гульнях лячылі лялек і былі паслухмянымі.

Дзеці другiх малодшых груп клапацiлiся пра птушак, падсыпаючы корм у кармушкі, якія зрабілі яшчэ ўзімку сумесна з бацькамі. Падкормка птушак прыносіць карысць не толькі крылатым сябрам, але і выхоўвае ў дзяцей клапатлівае стаўленне да навакольнай прыроды. Акцыя дапамагае пашыраць веды дзяцей пра птушак, якія пражываюць у нашай мясцовасці, вучыць клапаціцца пра братоў нашых меншых.

У сярэдніх групах дзеці ў сюжэтна-ролевых гульнях рабілі добрыя ўчынкі: варылі абед, дапамагалі мамам, клапаціліся пра малодшых, не забыліся і пра кнігі. Сумесна з выхавальнікамі ўсе кнігі былі падклеены ў кніжнай майстэрні. Педагогі выхоўваюць беражлівыя адносіны да кнігі, а таксама імкненне адрамантаваць і захаваць існуючыя дзіцячыя кнігі. Ох, і займальная гэтая справа!

Выхаванцы старшай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы зрабілі дрэвы дабрыні, на якіх за кожны добры ўчынак з’яўляўся лісточак-сэрца. Выхавальнікі расказалі дзецям пра тое, што добрыя справы могуць рабіць нават самыя маленькія, а людзей, якія іх робяць, называюць “добраахвотнікі” або “валанцёры”. Дзеці пазнаёміліся з рознымі напрамкамі добраахвотніцкай дзейнасці: сартавалі смецце для перапрацоўкі, дапамагалі хатнім жывёлам, дарылі радасць пажылым людзям і вучыліся казаць адно аднаму цёплыя словы і кампліменты.

А каб не адкладваць добрыя справы на потым, педагогі, дзеці і іх бацькі вырашылі правесці акцыю “Дапаможам бяздомным жывёлам” па зборы корму. Сабраны корм будзе перададзена ГГААЖ “Адданае сэрца”.

На заключнае мерапрыемства да дзяцей прыехаў дырэктар рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі Раман Рачко, які падзякаваў выхаванцам за іх добрыя справы і падарыў падарункі. Таксама сумесна з супрацоўнікамі і выхаванцамі дашкольнай установы пасадзіў дрэвы дабрыні, за якімі дзеці будуць даглядаць з асаблівым жаданнем, таму што гэтыя дрэвы яны садзілі самі.

15 красавіка прайшло заключнае мерапрыемства, на якім былі падвядзены вынікі нашых добрых спраў, якія рабілі на працягу ўсяго тыдня.

 

Ларыса ВАСЮКЕВІЧ,
дырэктар
ясляў-сада № 39 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий