“Вясновы двіж” дзеля перамогі над сабой, над лянотай, страхам і няўпэўненасцю

- 10:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У гімназіі Смаргоні неабыякавыя да праблем падлеткаў педагогі пачалі “Вясновы двіж” – прапанавалі арганізаваць своеасаблівыя майстар-класы па інтарэсах, каб дапамагчы вучням зрабіць сваю вясну яркай, актыўнай і навучыцца ездзіць на роліках, самакаце, скейце ці ровары.

З прыходам вясны і сонца з’яўляецца пытанне, чым заняць падлеткаў, каб, з аднаго боку, ахаваць іх ад шкоднага ўплыву вуліцы, з другога – пазбавіць ад прывязкі да віртуальных гульняў і перакідвання смайлікамі ў сацсетках.

Праблему вырашыць не так ужо складана, калі зірнуць на свет іх вачыма. Штодня заліпаючы ў інтэрнэце, падлеткі бачаць, як там крута ганяюць на скейтах, скутэрах, самакатах і роварах. Там мора драйву, там акіян задавальненняў, там свежыя адчуванні, а ў іх – залапаны экран, чыпсы і кола. Усё лепшае – там, а з імі канкрэтна чамусьці нічога цікавага не адбываецца. Пагутарце пра гэта і растлумачце, што і не адбудзецца! Ніхто нікому нічога не прынясе на талерцы. Усё самі, толькі самі!

Навошта глядзець з зайздрасцю на чужыя пакатушкі, калі можна падарыць сабе яркую вясну? Прыкладна такая размова адбылася з нашымі гімназістамі- шасцікласнікамі.

Магчыма, скептыкі здзівяцца, але на кантакт рабяты пайшлі досыць хутка, ідэю падтрымалі. Вырашана было правесці своеасаблівы майстар-клас па інтарэсах. Тут жа знайшліся “інструктары”, згодныя на валанцёрскіх пачатках навучыць усіх жадаючых яздзе на сваім колавым апараце. Месцам сустрэчы выбралі школьную пляцоўку, спецыяльна аформленую пад правядзенне заняткаў па Правілах дарожнага руху.

Прапанову анансавалі наступнымі словамі: “Хочаце навучыцца ездзіць на роліках, самакаце, скейце, ровары – не саромейцеся, падыходзьце і вучыцеся ў тых, хто калісьці таксама не ўмеў. Рабяты пакажуць, раскажуць, дапамогуць, навучаць.

Вы ўмееце нешта лепш за іншых і папросту можаце навучыць – дзяліцеся вопытам, вашы веды камусьці спатрэбяцца. Заваёўвайце, дапамагайце іншым – і вынік не прымусіць сябе чакаць.

Хай мы з розных класаў, але тут гэта ўсё роўна. Мы адна каманда – каманда гімназіі Смаргоні! Не бойцеся здацца няўмелымі, слабымі, пераможанымі. У навучанні няма пераможаных – ёсць толькі пераможцы. Над сабой, над лянотай, страхам і няўпэўненасцю. Наперад! Мы адкрываем “Вясновы двіж”!

“Вясновы двіж” адкрылі эпічнай датай – 1 красавіка. І забурліла жыццё!

 

Алена ПАНФЁРАВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
гімназіі Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий