- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Матэматычныя гульні ў навучанні дашкалят  

 

У дзіцячым яслях-садзе в. Беняконі Воранаўскага раёна выхаванцы малодшай групы з задавальненнем і цікавасцю знаёмяцца з матэматыкай у форме гульні.  

Для дзіцяці ўсё на свеце – гэта гульня. А гульня – гэта і вучоба, і праца, і спосаб пазнання рэальнасці. Яе трэба ўключаць у навучальны працэс. З яе дапамогай можна ўздзейнічаць на розныя бакі асобы: на адчуванні, свядомасць, волю і паводзіны.

Ад гульнявой дзейнасці дзеці атрымліваюць задавальненне. Аднак у выхавальнікаў і бацькоў мэта іншая. Ім патрэбна развіваць дашкольніка, укладваць у яго галаву пэўныя веды, выпрацоўваць асобасныя якасці. Асабліва карысныя дыдактычныя гульні і практыкаванні. Яны правакуюць нязмушанае ўзаемадзеянне паміж удзельнікамі, вучаць мець зносіны.

На занятак “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” да самых маленькіх дашкалят прыйшла пагуляць лялька Маша. Зайшоўшы ў групу, яна заўважыла, што нехта не прыбраў за сабой кубікі. Дзеці адразу ж вырашылі ўсё пакласці на месца: вялікія кубікі – у вялікую каробачку, а маленькія – у маленькую. Такім чынам мы фарміравалі ўменні групаваць прадметы, абазначаць колькасць прадметаў словамі “адзін”, “шмат”.

Гуляючы далей, заўважылі, што матылі трапілі ў небяспеку: сваімі крыльцамі заблыталіся ў павуцінні. Дзеці выратавалі ўсіх матылёў і знайшлі кожнаму кветачку па колеры крыльцаў.

А яшчэ лялька Маша дапамагла дзецям разабрацца, як можна параўноўваць два прадметы метадам накладання адзін на адзін, а дзеткі словамі выказвалі вынік параўнання.

За тое, што дзеці весела і дружна гулялі і выконвалі заданні, лялька пакінула ўсім дзеткам шмат салодкіх цукерачак, але, як заўважылі маленькія дашкаляты, у руках кожнага дзіцяці аказалася толькі адна.

Праведзены занятак садзейнічаў фарміраванню лагічных разважанняў, назапашванню і засваенню ў дзяцей матэматычных паняццяў, а таксама паняцця пра параўнанне прадметаў.

 

Юлія УЛАНОЎСКАЯ
выхавальнік дашкольнай адукацыі
яслі-сада в. Беняконі
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий