У дашкольнай групе Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна ёсць асаблівая традыцыя. Кожны год у пачатку мая дзеці рознаўзроставай групы адпраўляюцца да помніка аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні свята выхаванцы развучваюць вершы, песні ваенных гадоў, робяць сваімі рукамі віншавальныя паштоўкі.
З самага ранку адной вялікай калонай дзеці крочылі строем да помніка, выконвалі тэматычныя песні, неслі з сабой кветкі. Дзяўчынкі і хлопчыкі слухалі пра жудасныя падзеі, пра герояў вайны і землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці падзяліліся ўспамінамі сваіх бабуль і дзядуль, чыталі вершы, разважалі пра дабро і мір.
Што такое вайна? Адказ прагучаў ад сінявокай танклявай 6-гадовай дзяўчынкі Юліі: “Вайна – гэта смерць і вельмі страшна”… Юля, як і яе равеснікі, ведае пра вайну з кінафільмаў, якія глядзела разам з бацькамі.
Дзеці выказалі падзяку салдатам-пераможцам за мірнае неба і бесклапотнае дзяцінства, абяцалі любіць і шанаваць сваю малую радзіму, родную краіну.
Наталля ШЭЛЕСТ,
выхавальнік
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна