Фальклорнае свята да Міжнароднага дня сям’і

- 11:46ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Навучэнцы Забалацкага ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна сумесна з Курчоўскім сельскім клубам арганізавалі і правялі для аднавяскоўцаў святочнае мерапрыемства “Сям’я, сагрэтая любоўю”, прысвечанае Міжнароднаму дню сям’і.

Вёска Курчоўцы патанае ў аксамітнай зелені. Цёплым майскім днём у мясцовы клуб збіраюцца яе жыхары: ад малога да старога. Ды як і не сабрацца, калі ў клубе – свята сям’і. Ды і яшчэ запрошаны на святочнае мерапрыемства члены фальклорнага клуба “Спадчына” (кіраўнік В.У.Коцік) – навучэнцы 10-га класа і іх класны кіраўнік Я.Я.Міхайлава.

Жыхары старэйшага ўзросту з настальгіяй прыгадваюць тыя часы, калі ў сельскім клубе нярэдкімі гасцямі былі прафесійныя артысты і самі выступалі рэгулярна перад аднавяскоўцамі. Нават на тэлебачанне ў Мінск не раз ездзілі з канцэртнай праграмай пад кіраўніцтвам былога загадчыка клуба Веры Васько, якая сёння па просьбе мясцовых жыхароў ізноў вярнулася ў свой клуб, але ўжо ў якасці мастацкага кіраўніка.

У прызначаны час гледачы пачалі запаўняць залу, якая была прыгожа аформленая ў стылі сялянскай хаты: канапа, лавы старых часоў, куфэрак, посцілкі. Шмат тут былых прылад працы і рэчаў штодзённага ўжытку: прыгожыя абрусы, фіранкі, сурвэткі, ручнікі, вытканыя нашымі бабулямі.

Вера Іванаўна паведаміла гледачам пра Міжнароднае свята сям’і, расказала пра сем’і вёскі Курчоўцы. Прадставіла прыёмную сям’ю Паўловіч (сямёра сыноў, чацвёра з іх – прыёмныя), якая актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, што праходзяць у клубе. Сям’я музыкальная: спявае і іграе на баяне не толькі тата Уладзімір Рамуальдавіч, але і сыны Уладзімір, Дзяніс, Уладзіслаў і Роберт. З песень у выкананні гэтай сям’і і пачалася святочная праграма, якую прадоўжылі артысты Забалацкага ясляў-сада – сярэдняй школы фальклорным святам “Вячоркі”. Сустрэлі юных артыстаў бурнымі апладысментамі.

Вячоркі распачаліся. Гасцей шчыра сустракалі апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы гаспадары дома Лявон, Лявоніха і іх дачушка Алеся. У ролі Лявона і Лявоніхі выступалі вучні 10-га класа Віялета Врублеўская і Яўген Комар. Ролю Алесі выконвала Анастасія Мінгілевіч.

Першымі на вячоркі завіталі дзяўчаты з Забалаці – вучні 10-х класаў і, вядома ж, галоўная дзеючая асоба вячорак – Несцерка, ролю якога выконваў Яўген Врублеўскі. Несцерка заглянуў на агеньчык са сваімі прыгаворкамі ды песнямі. Загучала ў зале беларуская народная песня “Цячэ вада ў ярок”. Адразу трэба адзначыць, што беларускія песні і частушкі ў выкананні дзяўчынак і хлопчыкаў не пакінулі ў зале нікога раўнадушнымі.

Але гэта яшчэ не ўсе госці, якія завіталі на вячоркі. Пачуўшы гучны смех і жарты, зайшла на хвілінку і бабулька-шаптуха з вёскі Гіркі (Анастасія Бальцэвіч). Яна парадавала дзяўчат тым, што дапамагла (“нашаптала”) Ганначцы (Анастасіі Вярцінскай) сустрэцца са сваім суджаным Грышкам (Уладзіславам Рэсялевічам).

А якія ж вячоркі без танцаў? Пацешылі гасцей і гаспадароў дзяўчаты беларускім танцам “Рэчанька”, які прыгожа станцавалі і праінсцэніравалі. Калі хлопцы і дзяўчаты пачалі частушкі спяваць, не ўтрымаўся на сваім месцы гаспадар Лявон, ён так па-заліхвацку прытанцоўваў на сцэне і з такім гонарам праводзіў сваіх гасцей! Напэўна, усе прысутныя ў зале хацелі б апынуцца на месцы нашых артыстаў, бо так доўга не сціхалі апладысменты ад убачанага.

Весела на вячорках было ўсім: і гледачам, і артыстам. Вось ужо артысты разам з гледачамі пайшлі гуляць у беларускія гульні, затым закружыліся парамі ў польцы, і Несцерка ўскочыў са свайго месца і таксама пайшоў у скокі. Так спадабаліся яму хлопцы і дзяўчаты, што доўга не адпускаў гасцей. Гаспадары пачаставалі танцораў, і тыя адправіліся ў дарогу. А вячоркі яшчэ прадаўжаліся.

Беларускія загадкі, прымаўкі, неверагодныя вясковыя гісторыі з жыцця нашых бабуль і дзядуль, якія гучалі са сцэны ў выкананні маленькіх артыстаў, кранулі ўсіх. Напрыканцы прагучала песня “Бывайце здаровы”. Узнагарода ўдзельнікам вячорак – моцныя працяглыя апладысменты, а гледачам – добры настрой і надзея, што такія мерапрыемствы стануць рэгулярнымі. Загадчыца клуба Людміла Шыліна выказала словы падзякі ўсім артыстам і прысутным.

Мерапрыемства праляцела як адно імгненне. Дарослыя і дзеці, што прысутнічалі ў зале, былі ўражаны ўбачаным і пачутым. Некаторых з іх мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Вера Васько:

– Мерапрыемства атрымалася цудоўным. На працягу гадзіны часу дзеці так прыгожа спявалі, танцавалі і нават інсцэніравалі песні. Яны напомнілі усім пра нашу маладосць, адкуль нашы карані, вытокі, а таксама прымусілі задумацца, што з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю нашага жыцця. Жыць у згодзе і радасці, вучыцца ў нашых продкаў мудрасці, помніць іх запаветы, бо без памяці няма сумлення. Нам шкада, што гэтыя вячоркі праляцелі так хутка. Вельмі парадавалі і гаспадар з гаспадыняю, і госці, і музыканцікі. Шчырае дзякуй настаўнікам Яніне Міхайлаўне і Валянціне Уладзіміраўне. Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы ў нас будуць рэгулярнымі, таму мы запрашаем вас часцей прыязджаць у госці.

Н.Г.Паўловіч:

– Мне свята вельмі спадабалася. Юныя артысты на некаторы час адправілі нас у цікавае падарожжа ў мінулае. Яны паказалі яшчэ раз, што кожны чалавек пасля працоўнага дня павінен мець адпачынак, умець яго цікава і з карысцю правесці. І яшчэ раз напомнілі, што мы маем багатую спадчыну, якую неабходна вывучаць і перадаваць будучым пакаленням.

 

Валянціна КОЦІК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Забалацкага ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий