- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Турыстычны паход з карысцю для здароўя

У турыстычны паход на возера Маладзёжнае схадзілі выхаванцы старэйшай групы ясляў-сада № 12 Навагрудка.

Як вядома, дзеці старэйшага ўзросту адрозніваюцца высокай ступенню самастойнасці і арганізаванасці, што з’яўляецца важнай умовай для правядзення і арганізацыі турыстычнага паходу. Улічваючы, што кожны паход павінен стаць эмацыйна значнай падзеяй у жыцці дзяцей, мы з кіраўніком фізічнага выхавання старанна адбіралі цікавы маршрут падарожжа, каб забяспечыць цесныя зносіны з прыродай. Дзеці і педагогі снарадзіліся заплечнікамі і адправіліся ў дарогу.

Шмат цікавага і незвычайнага ўбачылі нашы выхаванцы. Пахам кветак і траў, шчэбетам птушак, воднаю гладдзю возера любаваліся хлопчыкі і дзяўчынкі. Летні лес парадаваў сваёй прыгажосцю. Дзеці былі ў захапленні ад прыгажосці прыроды, ад возера, ад чыстага паветра, спеваў птушак, сустрэчы з рознымі насякомымі.

У турыстычным паходзе на першым месцы мы заўсёды ставім аздараўленчую задачу. На свежым паветры хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі актыўны ўдзел у эстафетах, выконвалі розныя практыкаванні, гулялі ў рухомыя гульні, што спрыяе загартоўванню арганізма і паляпшае здароўе. Арганізм дзіцяці гартуецца ў натуральных умовах. У выніку адбываецца ўдасканаленне ўсіх фізічных якасцей – шпаркасці, спрыту, вынослівасці, гнуткасці, сілы, арыентоўкі ў прасторы.

А калі на палянцы з’явіўся пацешны мядзведзь, дзеці з велізарным задавальненнем спаборнічалі з ім у бегу на хуткасць, у скачках і трапнасці.

На сонечнай палянцы вырашана было спыніцца, доўгачаканы прывал вельмі радаваў дашкалят. Стомленыя і поўныя ўражанняў, дзеці дасталі са сваіх заплечнікаў сухі паёк і змаглі атрымаць асаблівую асалоду ад адпачынку на прыродзе. У кожным пачастунку адчувалася цяпло матчыных рук. Сокі, садавіна, хатняе печыва – добрая дапамога ў паходзе!

Падчас паходу дзеці знаёмяцца з родным краем, вучацца арыентавацца на мясцовасці, пашыраюць кругагляд у сферы натуральна-навуковых уяўленняў, атрымліваюць зарад станоўчай энергіі.

Колькі новых уражанняў, захаплення, радасці, прынёс дзецям гэты паход! Пасля вяртання дзеці дзяліліся ўбачаным, расказвалі бацькам пра паход. Я думаю, ім надоўга запомніцца наша незвычайнае падарожжа, і яны захочуць вярнуцца туды зноў.

 

Наталля ЖУЛІНСКАЯ, 
выхавальнік
ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий