Школьнікі з Раклевіч вучыліся ўсміхацца жыццю  

- 9:17ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Раклевічскім дзіцячым садзе – базавай школе Дзятлаўскага раёна пры актыўным удзеле ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу прайшоў месячнік “Тваё жыццё – твой выбар”. 

У кожнага чалавека ёсць свае каштоўнасці, асабістыя, але сярод іх ёсць адна агульная і , на мой погляд, самая галоўная – жыццё. Як скарыстацца ёю? Дзе ўзяць алгарытм жыцця, каб годна пранесці праз гады гэтую самую галоўную каштоўнасць? Адказ павінен знайсці кожны сам. Разам з тым гэтым уменням неабходна вучыцца, як мы навучаемся чытанню, пісьму, грамаце. Адным словам, жыццю патрэбна вучыцца, перамагаючы перашкоды, радуючыся самаму простаму і, на першы погляд, нязначнаму. Неабходна верыць, што на змену няўдачам абавязкова, пры асабістай працы, прыйдуць моманты задавальнення і ўпэўненасці. У гэтым наша вялікая роля, асабліва бацькоў і настаўнікаў: бачыць дзіця, адчуваць стан яго дзіцячай душы, часцей глядзець у прыгожыя вочы, прытуліць, па магчымасці, да сябе, каб адчуць біенне дзіцячага сэрца і сказаць ціхенька, нібы патаемнасць: “Усё будзе добра. Мы цябе любім і дапаможам табе”. Гэтаму мы вучымся і вучым у навучальных установах, гэтаму мы вучымся ўсё жыццё.

Вельмі важныя задушэўныя, на простай, зразумелай дзецям мове гутаркі пра тое, як кожны чалавек можа будаваць сваё жыццё, незалежна ад свайго ўзросту, як многа можна здзейсніць, калі праяўляць актыўную жыццёвую пазіцыю, калі не быць абыякавым да таго, што адбываецца побач.

Вучні пачатковых класаў разам з настаўніцай Т.М.Вішнарэўскай у цёплы сонечны восеньскі дзень выйшлі на тэрыторыю школы з рознакаляровымі крэйдамі, каб у малюнках выказаць сваё дзіцячае стаўленне да жыцця і аб’ядналі іх агульнай тэмай “Фарбы жыцця”. Калі закончылі работу, убачылі, што ўсе фарбы яркія, светлыя, жыццесцвярджальныя.

Вучні 4-га класа сабраліся ў цесны кружок, каб павесці размову пра тое, што такое шчасце, як быць не толькі самому шчаслівым, але па магчымасці дапамагчы стаць шчаслівым таму, хто побач. У вырашэнні пытання дзецям дапамагала настаўніца Ж.Г.Жых.

Вучні старшых класаў сабраліся разам з класным кіраўніком Е.В.Стракоўскай, каб правесці інтэрактыўны занятак па фарміраванні пазітыўных адносін да жыцця. Вучні выказвалі свае думкі, часам яны не супадалі, што стварала спрыяльныя ўмовы для пошуку ісціны. У выніку напружанай працы атрымалася фотагазета “Прыгажосць жыцця”.

У час месячніка валанцёры арганізавалі акцыю “Усміхніся жыццю!”, падчас якой выходзілі ў аграгарадок і раздавалі жыхарам буклеты і лістоўкі па тэме акцыі.

Класныя кіраўнікі Н.А.Сокал і К.В.Фарбер правялі з вучнямі 5–7-х класаў інтэрактыўную гульню “100 прычын для добрага настрою”.

Заключным акордам месячніка “Тваё жыццё – твой выбар!” стаў флешмоб ”Усміхніся жыццю – ты яму падабаешся!”, які выклікаў у дзяцей шмат станоўчых эмоцый. Прыемна было назіраць, як яны дзеляцца імі паміж сабою. Твары дзяцей свецяцца – гэта самае каштоўнае, бо яны ўпэўнены, што ўсё будзе добра, што ёсць дарослыя, якія іх падтрымаюць, дапамогуць, пахваляць, дадуць добрую параду.

Мы, дарослыя, у адказе за дзяцей і ад нас у большай ступені залежыць, якімі яны вырастуць, як складзецца іх лёс. Дзеці – наша будучыня і будучыня нашай краіны. Шчаслівага лёсу ўсім дзецям Беларусі жадаем мы, педагогі і навучэнцы Раклевіцкага дзіцячага сада – базавай школы Дзятлаўскага раёна і заклікаем “Усміхнемся жыццю – мы яму падабаемся!”.

 

Надзея КАНЯВЕГА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раклевічскага дзіцячага сада – базавай школы
Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий