Абмяркоўвалі змяненні ў Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь  

- 19:42ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

25 лістапада ў сярэдняй школе № 2 Скідзеля праводзілася дыялогавая пляцоўка па тэме “Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь: шляхі і перспектывы развіцця”.

У рабоце пляцоўкі прынялі ўдзел навучэнцы 9–11-х класаў, педагогі, бацькі, кіраўніцтва школы, а таксама старшыня Скідзельскага гарадскога выканаўчага камітэта В.В.Кемяжук і сакратар Скідзельскага гарадскога камітэта БРСМ Т.А.Гануска.

Выбар тэмы быў невыпадковым. Бацькоўская грамадскасць, навучэнцы старэйшага школьнага ўзросту, педагогі праяўлялі цікавасць і некаторую занепакоенасць, выкліканыя зменамі, якія ў хуткім часе павінны з’явіцца ў асноўным нормаўтваральным дакуменце сістэмы – Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таму кіраўніцтвам школы было прынята рашэнне аб правядзенні паседжання з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, вызначана найбольш прымальная форма работы – дыялогавая пляцоўка.

Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Т.В.Кузікевіч пазнаёміла прысутных з тэматыкай паседжання, прадставіла гасцей і аб’явіла работу пляцоўкі адкрытай. Далей удзельнікам пляцоўкі была прапанавана інфармацыя па тэматыцы паседжання “з першых вуснаў” – інтэрв’ю з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенкам.  

Дырэктар школы Н.В.Крышчык падрабязна расказала аб тым, што зменіцца ў сістэме адукацыі пасля ўступлення ў сілу новага кодэкса. Выступленне выклікала непадробную цікавасць у прысутных: аказваецца, новы кодэкс павялічыць працягласць навучальнага года, што ніяк не паўплывае на нагрузку вучняў, аднак дазволіць вырашыць праблему педагогаў з вылічэннем стажу. Выпускнікі сёлетняга навучальнага года “выдыхнулі” – усе змены, што звязаны з экзаменацыйнай і ўступнай кампаніямі, уступяць у сілу з наступнага навучальнага года, а значыць, іх чакаюць традыцыйныя школьныя іспыты і цэнтралізаванае тэсціраванне, якое ўжо неаднаразова “прарэпетавана” у рамках РТ. Дзесяцікласнікі былі вельмі сур’ёзныя: ім выпала пачынаць, а ісці першым заўсёды больш складана, чым тым, хто пойдзе следам. Вестка ж аб тым, што новы кодэкс дазволіць разгрузіць вучня, сумясціўшы выпускныя іспыты ў школе з іспытамі для паступлення ва УВА (ЦТ) спадабалася ўсім: і вучням, і настаўнікам, і бацькам.

Старшыня Скідзельскага гарвыканкама распавёў пра тое, што было зроблена ў горадзе ў 2021 годзе, а таксама падзяліўся планамі на новы каляндарны год, адзначыўшы пры гэтым, што ўстановы адукацыі, умацаванне і паляпшэнне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы – гэта асноўныя і самыя лепшыя інвестыцыі ў развіцці горада, пажадаў і сёлетнім выпускнікам, і выпускнікам 2023 атрымаць максімальныя балы на іспытах, каб мець магчымасць навучацца менавіта той прафесіі, да якой ляжыць душа. Дзеці весела ўспрынялі жарт кіраўніка горада аб тым, што адпускаюць іх з родных мясцін толькі на час вучобы, а пасля атрымання адукацыі ўсіх чакаюць у родным горадзе.

Сакратар Скідзельскага ГК БРСМ расказала, што зрабілі лідэры БРСМ у рамках удзелу ў мерапрыемствах, акцыях для горада і раёна, акцэнтавала ўвагу на тым, што ва ўступнай кампаніі пры роўнай колькасці балаў, перавагу атрымае абітурыент, які з’яўляецца членам БРСМ.

Па выніках работы дыялогавай пляцоўкі хацелася б адзначыць, што праведзеная прадметная размова прайшла канструктыўна, удзельнікі і госці не засталіся абыякавымі да тэмы. У заключным слове дырэктар школы Н.У.Крышчык засяродзіла ўвагу вучняў на думцы аб тым, што самай высокай ацэнкай іх работы, найбольш важнай для краіны, з’яўляецца выдатная вучоба, а гэта значыць, магчымасць развіваць не толькі сябе, але і свой родны горад, родную краіну. Нагадала, як важна берагчы і шанаваць мір, у якім мы жывём, бачыць прыгажосць у кожным новым дні, рабіць добрыя справы дзеля іншых.

 

Наталля КРЫШЧЫК,
дырэктар сярэдняй школы № 2 Скідзеля

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий