Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў валеўскай школе

- 18:37ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў у Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

У кожным куточку, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гамонцы, у песнях і казках, у школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры. Матчына мова, родная мова! Менавіта так, шаноўна і ласкава, вучні і настаўнікі Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы называюць гэты бясцэнны духоўны набытак.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай установе адукацыі – гэта сапраўднае свята! На працягу 150 гадоў усе прадметы выкладаюцца тут на роднай мове. Наш педагагічны калектыў упэўнены, што любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. А моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках. Таму невыпадкова першы дзень нашага прадметнага тыдня пачаўся з інтэлектуальнай размінкі для малодшых школьнікаў – турніра знаўцаў “Свет беларускіх загадак”. Усе без выключэння паказалі сваю актыўнасць і кемлівасць, і ніхто не застаўся без салодкіх прызоў.

Станоўча і нават узнёсла ў нашай установе адукацыі ўспрынялі акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску!”, якая мела на мэце не толькі далучэнне да багатай моўнай спадчыны беларускага народа, але і пашырэнне лексічнага запасу, ператварылася ў калектыўную творчую справу, якая ахапіла ўсіх супрацоўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Хацелася, каб і дарослыя, і дзеці глыбей усвядомілі: мы – беларусы, у нас ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям. А каб стварыць святочны настрой нашаму мерапрыемству, з вялікай любоўю былі аздоблены тэматычныя выставы і фотазоны.

Кожны дзень тэматычнага тыдня пачынаўся прыгожай музычнай старонкай. Вядомыя беларускія мелодыі гучалі ў выкананні вучняў школы мастацтваў на народных музычных інструментах. А кожны жадаючы змог стаць артыстам нашага ўсеагульнага караоке-шоу “Спявай па-беларуску!”.

Гонарам нашай установы адукацыі з’яўляецца народны гісторыка-краязнаўяы музей, першым кіраўніком якога быў заслужаны настаўнік БССР Васіль Піліпавіч Ускоў. У музеі маецца этнаграфічная экспазіцыя, якая дэманструе прадметы быту, культуры, звычаяў нашай мясцовасці. З мэтай вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны нашага народа, культурна-гістарычных скарбаў роднага краю менавіта ў музеі праводзілася этнаграфічная старонка “Куфэрак маёй бабулі”. Школьнікі мелі магчымасць убачыць неабходныя ў паўсядзённым сялянскім жыцці прадметы быту, прыгожыя вышытыя ручнікі з россыпам васількоў і рамонкаў, карункавыя сурвэткі – работы сваіх бабуль і прабабуль, дакрануцца рукамі да гэтай незвычайнай прыгажосці, з заміраннем сэрца адчуць цеплыню працавітых і добрых рук.  

Лірычным, паэтычным, песенным і натхнёным быў чацвёрты дзень, прысвечаны нашай любімай роднай мове – гэта агульнае ўражанне гасцей і ўдзельнікаў творчай імпрэзы – літаратурнай гасцёўні пад назвай “Ад родных ніў, ад роднай хаты…”, прысвечанай 130-гадоваму юбілею з дня нараджэння Максіма Багдановіча, мастака невычарпальна багатага таленту з ярка лірычным дараваннем. У незвычайна святочнай, рамантычнай абстаноўцы адбылося знаёмства вучняў старшых класаў з жыццём і творчасцю нашага нацыянальнага паэта. Пранікнёна гучалі радкі вершаў, прысвечаныя Радзіме, прыродзе роднага краю, светламу, вечна юнаму каханню.

“І так хораша нам называцца землякамі тваімі, Максім!” – прыйшлі да высновы вучні. Бо, насамрэч, светлая і крыху самотная паэзія Максіма Багдановіча зачароўвае, натхняе, узбагачае і неяк асабліва шчыра вучыць любіць сваю Радзіму.

Вясёлы настрой панаваў у час правядзення майстар-класа “Беларускія народныя песні і танцы”, што спрыяла пашырэнню ўяўленняў дзяцей і дарослых пра танцавальную культуру беларускага народа, узбагачэнню вопыту выканання, слухання і нават імправізацыі музыкі! Удзельнікі гэтага танцавальнага шоу паказалі свае здольнасці і ўменне рухацца пад пяшчотную “Купалінку” і рытмічную “Лявоніху”. Нам удалося праз мову рухаў выразна паказаць характэрныя асаблівасці беларускіх народных танцаў. А ўсё гэта – складнікі багацця нашай роднай мовы!

Як добра, што мы можам даць падрастаючаму пакаленню рэальную магчымасць усвядоміць высокую каштоўнасць сваіх адносін да гісторыі і культуры роднага краю, пачуцця свайго дачынення да яго мінулага і сучаснасці, разумення сваёй адказнасці за будучыню нашай краіны.

Ірына РАЧКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий