Ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь” адкрыўся ў Оршы

- 16:10ВИТЕБЩИНА, Регионы

У сярэдняй школе № 20 Оршы прайшло адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” на базе 1-га асобнага стралковага батальёна 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

Клуб створаны пры садзейнічанні кіраўніцтва і ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, камандавання вайсковай часткі 5524 унутраных войскаў, раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Першымі ў выхаванцы аб’яднання па інтарэсах былі прыняты 27 навучэнцаў Аршаншчыны. Пад кіраўніцтвам афіцэраў і салдат яны пазнаёмяцца з ваеннымі прафесіямі і асновамі ваенных дысцыплін, навучацца дзейнічаць у складаных сітуацыях, авалодаюць элементамі страявой, баявой, агнявой падрыхтоўкі, а самае галоўнае – атрымаюць неацэнныя урокі вернасці Радзіме, мужнасці, грамадзянскасці, патрыятычнай свядомасці, захавання духоўна-маральных каштоўнасцей і беражлівых адносін да гераічнага мінулага беларускага народа. Заняткі будуць арганізаваны тройчы на тыдзень па дзве гадзіны, у тым ліку на базе 3-й асобнай патрульнай роты в/ч 5524.

У ліку ганаровых гасцей у адкрыцці прынялі ўдзел начальнік аператыўнай і баявой падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі Андрэй Дудкін, камандзір 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў Аляксей Кулік, ваенны камісар ваеннага камісарыята Аршанскага і Дубровенскага раёнаў Ігар Літоўчык, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў, начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. Атмасферу свята дапоўніла інтэрактыўная прэзентацыйная пляцоўка, дзе ўстановы адукацыі прадставілі вопыт работы і самыя значныя раённыя праекты па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама фотазона з тэматычнымі хэштэгамі. Байцы в/ч 5524 падрыхтавалі выставу зброі, экіпіроўкі і ваеннага абмундзіравання.

Сімвалічна, што менавіта гэтае свята адзначыла старт мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці ў раёне. Узнёслы і ўрачысты настрой задалі вядучыя, у ролі якіх выступілі педагогі сярэдняй школы № 20, узорная арт-студыя “Натхненне” і юныя вакалісты. Клубу ўрачыста ўручылі сцяг, яго першы набор даў урачыстую клятву і атрымаў нагрудныя знакі. Незабыўнымі момантамі дня нараджэння “Віцязя” сталі выступленне духавога аркестра в/ч 5530 і байцоў атрада спецназу. Дзейнасць клуба – гэта новы крок у прывіцці моладзі запатрабаваных сёння маральных навыкаў грамадзяніна-патрыёта і новы этап у жыцці выхаванцаў, які надасць ім сілы і дапаможа вырасці дастойнымі абаронцамі Айчыны.

 

Таццяна ХАТКЕВІЧ,
метадыст Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры,
турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий