У рамках Года гістарычнай памяці і гадавой задачы па фарміраванні ў выхаванцаў маральна-патрыятычных пачуццяў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Карэліч арганізавана выстава творчых работ бацькоў і педагогаў «Беларуская народная лялька».
Зусім не Барбі і яе навамодныя сяброўкі ззяюць на выставе ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Карэліч. Беларуская народная лялька завалодала ўвагай выхаванцаў і супрацоўнікаў нашай установы.
На нашай выставе можна ўбачыць лялькі, вырабленыя з розных матэрыялаў: ільну, нітак, саломы, мешкавіны, гліны, лапін. Пачэснае месца займаюць лялькі, апранутыя ў беларускае народнае адзенне, якое пашылі матулі і бабулі нашых выхаванцаў, а таксама абрадавыя і аберагальныя лялькі, лялькі-мотанкі, якія выраблены з абрэзкаў тканіны. Наведваючы выставу, дзеці знаёмяцца з лялькамі, з якімі гулялі іх бабулі і прабабулі. Даведваюцца, што пры вырабе лялькі-мотанкі ці абрадавай лялькі тканіну нельга рэзаць нажом ці нажніцамі, а можна толькі рваць жаночымі рукамі, укладаючы ў абрэзкі добрую энергетыку. Выхаванцы з захапленнем і здзіўленнем разглядваюць лялькі, называюць, з якога матэрыялу яны зроблены. Кожнаму хочацца ўзяць яе ў рукі і пагуляць.
Народная лялька – гэта самы даступны дзецям дашкольнага ўзросту твор народнага мастацтва. Беларуская народная лялька найбольш яскрава прадстаўляе рысы самабытнага беларускага этнасу, змяшчае элементы нацыянальнага касцюма, раскрывае вытокі маральных і эстэтычных каштоўнасцей беларускага народа.
Педагагічныя работнікі нашай установы ўпэўнены, што народная лялька цалкам адпавядае патрабаванням нацыянальнай культуры і можа служыць сродкам патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Знаёмства з народнымі лялькамі дапамагае дзецям пазнаць свае карані. А значыць, ёсць надзея, што ў свеце, які імкліва мяняецца, застанецца памяць продкаў, якая не дазволіць нам забыць сваю гісторыю.
Галіна ЖУК,
намеснік загадчыка
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Карэліч