Выхаванцы аздараўленчага лагера “Дабраквецік” Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна разам з настаўнікамі наведалі Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, які знаходзіцца ў вёсцы Гнесічы Навагрудскага раёна.
Навагрудская зямля багата цэрквамі, касцёламі і святымі мясцінамі. Гэта месца не выпадкова было выбрана для экскурсіі, бо кожны, хто бывае на Навагрудчыне, абавязкова наведвае гэтае святое месца – Белую Лаўру. Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы на беразе Нёмана, дзе ты адразу адчуваеш небывалы спакой і радасць. Каля варот нас сустрэў манах, які з задавальненнем расказаў пра месца, дзе жыў і быў першым настаяцелем святы Елісей.
Спачатку мы пабывалі ў храме прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, дзе праслухалі цікавы аповед амаль пра кожную ікону храма. Далей адправілася да помніка святому, праходзячы каля розных жылых і гаспадарчых пабудоў. Вучні наведалі магілу ігумена Серафіма, які падчас пажару ў жылым будынку манастыра выратаваў усіх манахаў, якія проста спалі. Кожны мог не толькі паглядзець на магілу, але і прыкласціся да яе. Далей мы змаглі наведаць капліцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі манастыра, а іх усяго сем, некаторыя пабудаваны даўно, некаторыя яшчэ будуюцца. Асабліва выхаванцам спадабалася капліца, якая была збудавана з дрэва, і кожны жадаючы мог падняцца па лесвіцы наверх і агледзець навакольныя краявіды.
Адпачыўшы душой і сэрцам, мы вярнуліся дадому, але з упэўненасцю магу сказаць, што яшчэ неаднойчы наведаем Белую Лаўру на беразе Нёмана.
Марыя СТАНЧЫК,
дырэктар аздараўленчага лагера
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна