Гісторыя жыцця і лёсу Часлава Іосіфавіча Сняжко  

- 16:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Я працую ў школе вось ужо трыццаты год. І з кожным годам усё больш упэўніваюся, што ў справе выхавання моладзі важнейшую ролю адыгрывае сям’я, жыццё продкаў, прыклад бацькоў і дзядоў. Напярэдадні вялікага свята Перамогі вырашыла прыгадаць свайго дзеда, які быў добрым прыкладам для дзяцей і ўнукаў.

Гісторыя жыцця Часлава Іосіфавіча Сняжко (02.01.1926 – 12.07.2004) магла скончыцца ва ўзросце васямнаццаці гадоў, але, як казаў Якуб Колас, усё сваю дарогу мае.

У 1941 годзе жыццё звычайнага падлетка з вёскі Навінкі Смаргонскага раёна раптам змянілася. У дадатак да хатніх абавязкаў ён стаў сувязным партызанскага атрада, які знаходзіўся недалёка ад вёскі. Выконваў простыя заданні, раздаваў улёткі. Зімой 1944 года быў арыштаваны і адпраўлены ў Вільню ў канцлагер. Там ён і яго брат прабылі 20 дзён. Пасля ўсю моладзь пасадзілі ў цягнік, які павёз іх у Германію. Да месца прызначэння хлопцы не даехалі. Яны здзейснілі ўцёкі, падчас чаго мой дзядуля быў паранены ў калена левай нагі. У шпіталі горада Тракай ён прабыў да вызвалення горада савецкімі войскамі. Усё жыццё дзед успамінаў доктара, які змог захаваць яму нагу ў той складаны ваенны час. 

Нягледзячы на інваліднасць II групы, Часлаў Іосіфавіч працаваў у калгасе 40 гадоў. Быў каштоўным работнікам – і конюхам, і вартаўніком, і ў полі працаваў. Пасля цяжкай працы ён не мог сядзець без справы. Увесь вольны час чытаў і займаўся творчай дзейнасцю: граў на акардэоне і пісаў вершы. На вяселлях заўсёды расказваў розныя цікавыя байкі.

Хоць і быў ён самавук, уся акруга ведала яго як таленавітага музыканта, таму звалі граць на вячорках, у клубах, на 135 вяселлях (дзядуля сам спецыяльна падлічваў).

Для сваёй краіны Часлаў Іосіфавіч Сняжко – гэта ветэран Вялікай Айчыннай Вайны, ветэран працы. Для сваёй сям’і – працавіты гаспадар, таленавіты музыкант, муж, бацька, дзед, прадзед. Напярэдадні свята Перамогі ў нашай сям’і заўсёды ўспамінаюць дзядулю. Чалавек жыве, пакуль жыве памяць пра яго.

 

Гелена ЛЯПЕХА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий