Казкі на падушках слухаюць чавускія дашкольнікі

- 10:23МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

У Чавускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ўжо некалькі гадоў працуе інтэрактыўны праект для дзяцей малодшага ўзросту пад назвай “Казкі на падушках”.

Першая спроба адбылася да тыдня роднай мовы – менавіта да яго супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея рыхтавалі праект, а першымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі выхаванцы старшай групы нашага дзіцячага садка.

Задумка аказалася запатрабаванай і цікавай для дашкалят. І вось ужо трэці год запар праект “Казкі на падушках” і яго гаспадыня Марфа Сямёнаўна ветліва сустракаюць дзетак. Малыя ўтульна размяшчаюцца на падушках, раскіданых па падлозе ў этнаграфічнай зале музея, і зацікаўлена слухаюць. За тры гады існавання праекта дзеці праслухалі шмат беларускіх народных казак, якія мяккім і пяшчотным голасам распавядала Марфа Сямёнаўна. На мінулым тыдні нашы выхаванцы ў чарговы раз прыйшлі ў музей, каб паслухаць казку “Жыхарка”, а пасля адказаць на розныя пытанні выхавальнікаў па змесце твора.

Дзеці вельмі палюбілі “Казкі на падушках”. Мабыць, гэтаму ў многім спрыяе сама атмасфера музея. Прадметы побыту і адзення нашых продкаў, старыя фотаздымкі, застыўшыя макеты жывёл і птушак – усё гэта здаецца маленькім слухачам нейкім чароўным, казачным. Да таго ж, такі інтэрактыўны праект служыць выхаванню ў дашкольнікаў любові да роднай мовы, да свайго народа, малой радзімы і яе традыцый.

 

Таццяна КАНСТАНЦІНАВА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 3 Чавус

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий