Залескія юнакі паспрабавалі сябе ў прафесіі журналістаў і знялі серыял «#PROУСПЕХ»

- 18:02ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Адметнай асаблівасцю раённага аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Юнацтва” на базе Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна з’яўляецца тое, што канікулы ў “Юнацтве” – гэта не толькі магчымасць весела правесці час з аднагодкамі, але і пазнаёміцца з вялікай колькасцю цікавых прафесій.

Залескі яслі-сад – сярэдняя школа з’яўляецца ўдзельнікам рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на этапе першаснага прафесійнага выбару і праектавання паспяховай кар’еры”, таму вялікае значэнне ў рамках лагернай змены “#PROУСПЕХ” надавалася прафарыентацыі. З першага дня ўся каманда лагера была ўцягнута ў гульню – здымкі прафарыентацыйнага серыяла «#PROУСПЕХ». Кожны меў у ім сваю ролю: галоўны рэжысёр – дырэктар лагера, прадзюсар – педагог-арганізатар, рэжысёры – выхавальнікі атрадаў. Ну, а дзеці, вядома, сталі акцёрамі.

На фарміраванне каштоўнаснага стаўлення да працы былі накіраваны такія мерапрыемствы, як прафарыентацыйны батл “Твая дарога ў будучыню”, конкурс капірайтараў “Ctrl+С: Лепшая прафесія”, дзелавая гульня “Разумны выбар” і інш.

Ці лёгка быць журналістам, дзе можна навучыцца пісаць артыкулы, якія цяжкасці могуць сустрэцца на шляху чалавека, што абраў прафесіяй асвятленне падзей – пра гэта ішла размова на сустрэчы з галоўным рэдактарам раённай газеты “Светлы шлях” Н.І.Антоненка.

Падчас заняткаў у “Школе журналістыкі” яе ўдзельнікі вучыліся лагічна думаць, вылучаць галоўнае, расстаўляць акцэнты, шукаць свой індывідуальны стыль, развівалі свае творчыя здольнасці і адпрацоўвалі на практыцы навыкі, атрыманыя на працягу навучальнага года. Удзельнікі змены выпускалі газету “Sлухі” па выніках кожнага дня.

Унікальную магчымасць адчуць сябе часткай здымачнай групы, убачыць кінапрацэс, даведацца пра законы і сакрэты стварэння фільмаў атрымалі выхаванцы падчас экскурсіі на нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм”.

З прафесіямі, звязанымі з космасам і авіяцыяй, дзеці пазнаёміліся падчас экскурсіі ў музей авіяцыйнай тэхнікі. Кожны жадаючы змог зайсці ў кабіну самалёта і адчуць сябе лётчыкам.

Цікава прайшлі педагагічныя пробы, на якіх выхаванцы лагера праводзілі рухомыя гульні з дашкольнікамі, а малышы з радасцю гулялі і не хацелі адпускаць сваіх шэфаў.

Адпачынак у лагеры “Юнацтва” стаў для дзяцей яркім, карысным і вясёлым. Магчыма, нехта ў будучыні зробіць выбар прафесіі медыцынскага работніка, міліцыянера, кінематаграфіста, журналіста, прымераўшы на сябе гэтыя выявы ўжо сёння за час адпачынку ў лагеры.

 

Алена ВАРАНІШЧА,
дырэктар аздараўленчага лагера “Юнацтва”
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
 Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий