Роля савета прафілактыкі СПЦ у рабоце з бацькамі

- 11:18БРЕСТЧИНА, Регионы

Важную ролю ў прадухіленні сямейнай нядобранадзейнасці адыгрывае прафілактычная дзейнасць, арганізаваная саветамі прафілактыкі ўстаноў адукацыі. Такая форма работы добра зарэкамендавала сябе ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Ляхавіцкага раёна. 

Тэрмін “сямейная нядобранадзейнасць” трывала ўвайшоў у наша жыццё. Каго можна аднесці да яго? Сям’ю, дзе бацькі злоўжываюць спіртным, ці сям’ю, дзе тата пасля работы пастаянна глядзіць тэлевізар, а маці бясконца размаўляе з сяброўкамі па мабільным тэлефоне? Наўрад ці другая сям’я, у членаў якой адсутнічае алкагольная залежнасць, лепшая за першую. І там, і там дарослым няма справы да дзяцей. Сям’я – першае месца, дзе дзеці набываюць першы жыццёвы вопыт. Таму бацькі павінны кантраляваць свае паводзіны і лад жыцця, якія лёгка капіруюць дзеці.

Савет прафілактыкі ў СПЦ працуе з 2009 года. Яго дзейнасць рэгламентавана нарматыўнымі прававымі дакументамі ў галіне абароны дзяцінства. У склад савета ўваходзяць прадстаўнікі органаў, устаноў і арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх: педыятр цэнтральнай раённай бальніцы, інспектар ІСН, спецыяліст раённага аддзела па адукацыі, намеснік старшыні КСН і інш. Важнае месца ў аператыўным вырашэнні праблемных сітуацый займаюць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ЦКРНіР, загса і грамадскіх арганізацый, медыцынскія работнікі вузкай спецыялізацыі, старшыні сельвыканкамаў. 

Бацькі – абавязковыя ўдзельнікі пасяджэнняў. Спецыялісты СПЦ аказваюць сацыяльна-псіхолага-педагагічную падтрымку сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці ад нараджэння да трох гадоў, а таксама дзецям, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы, нідзе не вучацца і не працуюць.

Актыўна ладзяцца пасяджэнні саветаў прафілактыкі з установамі адукацыі і сем’ямі, што выхоўваюць дзяцей рознага ўзросту, па прынцыпе навучання старэйшага дзіцяці.

На працягу года СПЦ праводзіць 30–50 пасяджэнняў савета, дзе разглядаюцца розныя сямейныя і жыццёвыя сітуацыі. Пры неабходнасці СПЦ ініцыіруе разгляд матэрыялаў на раённым каардынацыйным савеце для прызнання таго, што непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і прапануе спосабы сямейнай рэабілітацыі.

У цэлым СПЦ аказвае дапамогу каля 250 дзецям і каля 500 бацькам у год. На жаль, не заўсёды пасля ўмяшальніцтва спецыялістаў сітуацыя мяняецца да лепшага. Часам здаецца, што іх шматгадовыя намаганні дарэмныя. Але практыка паказвае: калі працаваць мэтанакіравана і настойліва, то можна дасягнуць станоўчых вынікаў – захаваць сям’ю для дзіцяці і дзіця ў сям’і.  

 

Святлана ШПАК,
сацыяльны педагог СПЦ Ляхавіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий