Дзіцячы эканамічны форум адбыўся ў Магілёўскім раёне. Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, інвестараў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і навучэнцаў з усёй вобласці.
– Падобны форум упершыню паспрабавалі арганізаваць летась. Ён знайшоў вялікі водгук. Галоўнай сваёй мэтай бачым стварэнне пляцоўкі c інтэнсіўным адукацыйным працэсам, на якой навучэнцы могуць прадэманстраваць таленты, набыць дадатковыя веды па розных напрамках, знайсці аднадумцаў і атрымаць грамадскую дзяржаўную і міжнародную падтрымку для рэалізацыі сваіх ініцыятыў. Значна, што межы форуму пашыраюцца. Зараз удзельнікамі мерапрыемства стала прадстаўніцтва не толькі нашага рэгіёна, а і Бранскага раёна Расіі, – расказала начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас.
Форум прайшоў актыўна і інфармацыйна насычана. Для прысутных былі арганізаваны выставы метадычных матэрыялаў у напрамках эканамічнага выхавання дзяцей, распрацаваных установамі агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна. Педагогі і навучэнцы прэзентавалі таксама свае бізнес-ідэі. Кожная з іх па-свойму цікавая. Напрыклад, прадстаўнікі Вяйнянскай сярэдняй школы робяць інтэр’ерныя вырабы ў тэхніцы пап’е-машэ. Вучні з Бракаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу вырошчваюць зеляніну для продажу насельніцтву, а дзеці з Мяжысецкай сярэдняй школы ствараюць 3D-сувеніры. У Сухарэўскім ВПК самастойна вырабляюць чыпсы, у Рэчкаўскай сярэдняй школе заснавалі «Школу фларыстаў», а ў яслях-садзе вёскі Сумарокава распрацавалі і апрабавалі серыю аўтарскіх гульняў «Маленькі фінансіст». Шмат напрацовак навучальныя ўстановы прадстаўлялі ў рамках рэалізацыі абласнога праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе». Прычым адметна, што ўсе ініцыятывы маюць не толькі эканамічную выгаду, а і значны турыстычны патэнцыял.
Лепшую ідэю вызначылі падчас работы дыялогавай пляцоўкі. Ганаровы дыплом і фінансавую падтрымку атрымала вучаніца Хонаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Крысціна Красоўская з праектам «Мазаіка здароўя» па вырошчванню і рэалізацыі лекавых раслін для лазні.
Падчас дыялогу прайшоў дэталёвы абмен вопытам і меркаваннямі. А завяршыла форум падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі Магілёўскага і Бранскага раёнаў. Падпісаны былі таксама шэраг пратаколаў аб намерах па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ,
фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Магілёўскага райвыканкама.