Дзень маці. Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

- 14:50Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый святочнага мерапрыемства да Дня маці

 

Ала ЛУБЕШКА,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 83 г. Гродна”

 

 

Мэты:

– выхоўваць павагу да маці;
– развіваць эстэтычны густ, адчуванне прыгожага ў паэзіі, музыцы, пачуццях;
– стварыць святочны настрой.

Матэрыял і абсталяванне: ноты, фартэпіяна, рабіна, маліна (муляж), кошыкі, музычны цэнтр, флэшка з музыкай, дудка, падарункі для мам.

Папярэдняя работа: гутарка пра свята, развучванне вершаў, танца і песень.

 

Ход забавы

 

Зала мае святочна ўпрыгожаны выгляд. Гучыць музыка. Дзеці ўваходзяць у залу.

 

Вядучы:

Сёння ў нашым садзе свята
І гасцей у нас багата,
Мы віншуем самых родных
Светлых, блізкіх і чароўных.

Дзіця:

Словы шчодрыя знайду,
І пра маму верш складу.
Яшчэ песню праспяваю
Слухай, мама дарагая!

 

Песня “Песенька пра маму”

 

Вядучы: А цяпер, дзеці, паслухайце ўважліва загадкі:

– У яе яно самае чулае і клапатлівае, заўсёды свеціцца любоўю.
Яно згустак сусветнага дабра, сусветнага святла. (Сэрца маці)

– Стаіць у лесе дрэўца,
Ад ветру лёгка гнецца,
А гронкі ягадак гараць,
І снегіры да іх ляцяць. (Рабіна)

– Маленькая паненачка
Схавалася ў цянёк.
Чырвоная сукеначка,
А беленькі пянёк. (Маліна)

Вядучы: А цяпер мы з вамі пагуляем.

 

Гульня: “Збяром рабіну і маліну для матулі”.

Дзеці дзеляцца на каманды і збіраюць у кошыкі тое, што загадвае вядучы (адна каманда маліну, а другая рабіну). Перамагае тая каманда, якая хутчэй збярэ тое, што ёй сказалі.

 

Вядучы: Матулечка – даражэйшы на свеце чалавек. Нараджэннем сваім, разуменнем, мы абавязаны вядома ёй.

З цёплымі пажаданнямі для вас выступяць дзеці з прыгожымі вершамі.

 

Дзіця:

Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля! –
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.
         (“Дарагое імя” Мікола Хведаровіч)

Дзіця:

Ад калыскі-люлькі ўтульнай
Дзень і ноч – па гэты час –
Наша мілая матулька
Клапацілася пра нас.
Малаком усмак паіла,
Укладала песняй спаць,
Роднай моваю вучыла
Словы добрыя казаць.
          (“Наша матулька” Ніл Гілевіч)

Дзіця:

Мамачкі любімыя
Рады мы вас віншаваць,
І цяпер на хуткі танец
Будзем запрашаць!

 

“Танец з мамамі”.

 

Дзіця:

Цеплынёй атуліць
Сонейка зямлю.
Мілая матуля,
Я цябе люблю.
Мне з табой утульна,
І спяваю я:
“Мамачка,
Матуля,
Любая мая”.

 

Песня «Матуля».

 

Вядучы: Есць яшчэ ў мяне загадка для вас.

Не палачка, не люлечка,
А што ж гэта?

Дзеці: Дудачка.

Вядучы: Запрашайце сваіх матуль пагуляць з намі ў гульню “Дудка”.

 

Гульня “Дудка”

Дзеці і дарослыя стаяць па крузе, спяваюць і адначасова перадаюць дудку адно аднаму.

Гэта дудка не прастая –
Ад усіх яна ўцякае.
Каму ў рукі пападзе.
Той у круг скакаць ідзе.

 

Дзіця ці дарослы з дудкай выходзіць на цэнтр круга і выконвае танцавальныя рухі, усе астатнія дзеці і дарослыя пляскаюць у далоні.

 

Дзіця:

Сёння свята нашых мам.
Прыйшлі матулі ў госці к нам.
Мы ўсім садам іх чакалі,
Падарункі рыхтавалі.
Кожнай маме – падарунак,
Кожнай маме – пацалунак.

Дзіця:

Павіншуем жа сваіх
Мам любімых дарагіх.
Дружна песню заспяваем,
Дружна шчасця пажадаем.

 

Песня “Наступае свята нашых мам”.

 

Вядучы: Якое прыгожае свята ў нас атрымалася! I на развітанне прыміце ад дзетак падарункі, якія яны зрабілі сваімі рукамі.

 

Гучыць музыка, дзеці выходзяць з залы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий