Выкарыстанне гексаў як дыдактычнага матэрыялу для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока па прадмеце “Чалавек і свет”

- 10:02II И III СТУПЕНИ, Методичка, Начальная школа. Материалы к урокам, Человек и мир

Метад шасцівугольнага навучання дае магчымасць зацікавіць вучня, абудзіць яго пачуцці, што вельмі важна для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока.

Ганна ПАЎЛЮКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

Вучэбны прадмет «Чалавек і свет» (змястоўны блок «Мая Радзіма – Беларусь») накіраваны на фарміраванне першапачатковых уяўленняў і ведаў пра гістарычныя падзеі і іх удзельнікаў, на фарміраванне здольнасці вучняў ганарыцца сваёй культурна-гістарычнай спадчынай, фарміраванне асобы вучня з такімі яе характарыстыкамі, як тэрытарыяльна-культурная ідэнтычнасць і гістарычная памяць. Гэты вучэбны прадмет з’яўляецца надзвычай шматпланавым. Ён спалучае веды з вобласці гісторыі, геаграфіі, грамадазнаўства, беларускай літаратуры, музыкі. Такі аб’ём інфармацыі стварае пэўныя складанасці яе засваення. У сувязі з гэтым у працэсе выкладання прадмета мэтазгодна выкарыстоўваць актыўныя метады навучання і метады візуалізацыя вучэбнай інфармацыі.

Шасцівугольнае навучанне накіравана на фарміраванне ўменняў планаваць, арганізоўваць і праводзіць самаацэнку вынікаў калектыўнай і індывідуальнай вучэбнай дзейнасці; вызначаць галоўнае ў змесце вучэбнага матэрыялу; праводзіць параўнанне і рабіць вывады; лагічна і паслядоўна будаваць расказ.

Вядома, што малодшыя школьнікі эмацыянальныя. Гэта павінен улічваць педагог пры падрыхтоўцы да навучальнага занятку. Неабходна падаваць веды пра грамадства, Радзіму і яе гісторыю ў яркай вобразнай форме, абапірацца на эмоцыі і пачуцці дзяцей. Усё гэта магчыма рэалізаваць праз шасцівугольнае навучанне. Метад шасцівугольнага навучання дае магчымасць зацікавіць вучня, абудзіць яго пачуцці, што вельмі важна для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока.

 

Мэтай выкарыстання распрацаваных гексаў па тэме «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Дадатак 1) з’яўляецца знаёмства вучняў з рознымі крыніцамі інфармацыі пра жыццё нашых продкаў да з’яўлення пісьменнасці, фарміраванне разумення каштоўнасці гэтых крыніц.

З дапамогай гэтых дыдактычных матэрыялаў стала магчымым:

– стварыць умовы для актыўнага ўдзелу кожнага вучня ў працэсе пошуку інфармацыі пра мінулае сваёй Радзімы з розных крыніц;
– садзейнічаць выхаванню пачуцця падзякі беларускім археолагам за магчымасць вывучаць мінулае сваёй краіны па захаваных прадметах даўніх часоў, пачуцця датычнасці да гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа;
– стварыць умовы для разумення каштоўнасці «маўклівых сведак мінуўшчыны».

 

Мэтай выкарыстання распрацаваных гексаў па тэме «Як да нас прыйшла кніга» (Дадатак 2) з’яўляецца знаёмства вучняў з развіццём кніжнай справы на тэрыторыі Беларусі, з асветніцкай дзейнасцю нашых продкаў.

Дзякуючы гэтым дыдактычным матэрыялам стала магчымым:

– стварыць умовы для арганізацыі слоўнікавай работы з новымі паняццямі;
– для разумення вучнямі вялікай каштоўнасці кніг у розныя гістарычныя часы;
– садзейнічаць выхаванню пачуцця гонару за знакамітых продкаў, за іх уклад у справу кнігадрукавання, за іх асветніцкую дзейнасць.

 

Шасцівугольнае навучанне можа выкарыстоўвацца на вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” як на этапе праверкі дамашняга задання, так і пры замацаванні атрыманых ведаў.

Шасцівугольныя карткі (гексы) могуць быць папяровымі або пластыкавымі. Іх памер можа быць адвольным: калі гэта дэманстрацыйны матэрыял, лепш зрабіць іх буйнымі, калі гексы ўтрымліваюць матэрыял для індывідуальнай працы, працы ў парах або ў групах – яны могуць быць невялікімі. Адпаведна, размяшчаюцца яны на парце або дошцы. На гексах напісаны назвы гарадоў, падзеі, паняцці, даты, імёны гістарычных асоб, іх партрэты, гістарычныя аб’екты.

Вучні злучаюць шасцівугольнікі адзін з адным гранямі, усталёўваюць паміж імі пэўныя лагічныя сувязі, паняційныя, сувязі паміж рознымі з’явамі, сувязі паміж пэўнымі датамі і вывучаемымі аб’ектамі або асобамі. Злучаныя разам гексы ствараюць адзіную сэнсавую карціну, візуалізаваны вобраз навучальнага матэрыялу. Трэба адзначыць, што вучням неабходна не толькі ўсталяваць сувязі паміж карткамі, але і растлумачыць, пракаментаваць свой выбар. Упісаны ў карткі навучальны матэрыял па меры азнаямлення з ім збіраецца ў выглядзе пазла. У канцы працы вучні павінны прадставіць канкрэтны вынік сваёй дзейнасці, даказваючы свой пункт гледжання, патлумачыць устаноўленыя сувязі, выказаць сваё стаўленне да асоб, падзей, фактаў.

Настаўнік падводзіць вынік работы ў групах.

 

Пытанні для абагульнення па тэме «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны»:

– Якія «маўклівыя сведкі» могуць сёння нам расказаць пра мінулае нашай Радзімы? Чаму неабходна ведаць гісторыю сваёй Радзімы?

– Дзякуючы чыім намаганням «маўклівыя сведкі» захаваліся да нашых дзён?

– Якія думкі ўзнікаць у вас, калі бачыце прадметы старажытнасці?

 

Пытанні для абагульнення па тэме «Як да нас прыйшла кніга»:

– Як нашы продкі адносіліся да кніг? Якія факты сведчаць пра гэта?

– Што, на вашу думку, з’яўляецца самым важным у дзейнасці беларускага «Златавуста» Кірыла Тураўскага? Што выклікае асаблівы гонар?

 

Для таго, каб выкарыстоўваць гэты дыдактычны матэрыял на ўроку, каб ён стаў эфектыўным інструментам для развіцця ўменняў вучняў працаваць самастойна, аргументаваць, даказваць і рабіць свае высновы па вывучаным матэрыяле, ад настаўніка патрабуецца папярэдне наладзіць у класе навучальнае ўзаемадзеянне, неабходна арганізоўваць працу вучняў у групах і парах, пачынаючы з першага класа.

Метад шасцівугольнага навучання будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню вучняў, калі будуць выкарыстаны яшчэ і дадатковыя прыёмы ўздзеяння на эмацыянальную сферу дзяцей (музыка, вершы, відэа). Такія дыдактычныя матэрыялы таксама можна выкарыстоўваць і ў працэсе правядзення пазакласных мерапрыемстваў, дзе магчыма пашырыць рамкі вучэбнага матэрыялу, дапоўніць пазлы дадатковымі звесткамі з гісторыі роднага краю.

Дадатак 1 Дадатак 2

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий