Чарговы раз дзяцей і бацькоў сабраў падлеткавы клуб па месцы жыхарства “Фламінга” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. Тут ужо больш як тры гады працуе сямейны клуб “Сям’я”, а яго члены — самыя актыўныя ўдзельнікі і суарганізатары ўсіх клубных мерапрыемстваў.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў падлеткавым клубе прайшла святочная праграма “Забавы волатаўскія”, якая дазволіла і дзецям, і дарослым праявіць творчыя здольнасці і спартыўныя навыкі. Палкоўнік у адстаўцы, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане А.І.Федарышын павіншаваў усіх прысутных у вершаванай форме з надыходзячым святам і абвясціў пачатак спаборніцтваў.
За званне самай спартыўнай, дружнай, вясёлай сям’і змагаліся тры каманды: “Стрыжы” (сям’я Малец), “Драпежнікі” (сям’я Крывіцкіх), “Фарсаж” (сям’я Сіліч).
Барацьба разыгралася гарачая. У распараджэнні каманд — цэлы арсенал прылад: таркі, мясарубкі, нажніцы, іголкі, гузікі. Ды і конкурсы былі такія, што патрабаваліся сіла і кемлівасць, спрыт і інтэлект: прыгатаваць яблычны дэсерт, сабраць-разабраць мясарубку, прышыць гузік адной рукой, змайстраваць самалёт на далёкасць палёту, адказаць на пытанні віктарыны па ваеннай тэматыцы.
Выступленні жаночага калектыву “Натхненне”, танцавальнай студыі “Непаседы” натхнялі каманды і давалі магчымасць перавесці дух удзельнікам. З кожным новым конкурсам лідары мяняліся, але ў выніку журы аднагалосна прыйшло да меркавання: перамаглі ўзаемадапамога і сямейная згодака манды “Стрыжы”. Таты пацвердзілі словы вядомай песні: “Тата можа ўсё, што заўгодна”, а дзеці, удзельнікі мерапрыемства, адчулі гонар за сваіх бацькоў.
Святлана ЛЯШКО,
загадчык аддзела цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна