Тры сімвалы

- 8:25ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Штогод у нашай краіне кожную другую нядзелю мая адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні свята для выхаванцаў старшых груп нашага цэнтра былі праведзены заняткi «Тры галоўных сімвалы маёй краіны». Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй сучасных сімвалаў нашай Радзімы. Яны даведаліся, што ў гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, мiралюбнасць.

Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа, ён выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны, а таксама ўпрыгожвае ўрадавыя ўстановы, акрамя таго, усе важнейшыя дакументы і пячаткi маюць выявы Дзяржаўнага герба.

Дзяржаўны сцяг адлюстроўвае важныя звесткі аб нашай краіне. Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер сімвалізуе кроўныя сувязі, братэрства. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Зялёны колер – гэта колер прыроды, колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Нарэшце, белы колер – гэта перш за ўсё колер свабоды, маральнай чысціні і мудрасці.

Сцяг Рэспублікі Беларусь мае яшчэ адну важную характэрную рысу – гэта народны ўзор, арнамент. Ён азначае працавітасць і працоўнае майстэрства як аснову ўсякага шчаслівага лёсу.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор. Ён выконваецца ў асабліва ўрачыстых выпадках – падчас афіцыйнай цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, іншых афіцыйных дзяржаўных цырымоній.

Для замацавання атрыманых ведаў праведзены дыдактычныя гульні («Чаго не стала?», «Трэці лішні», «Карта Беларусі», «Даведайся па апісанні»), аплікацыя «Наш сцяг», сюжэтна-ролевыя гульні («Мы па вуліцы ідзём», «Прымаем гасцей», «Крама сувеніраў»). Дзеці пазнаёміліся з мастацкімі творамі, што ўслаўляюць нашу любімую Беларусь.

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.