У сельскагаспадарчай галіне Брэстчыны – папаўненне. У Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці ўрачыста ўручылі дакументы аб завяршэнні навучання. Сёлета выпускнікамі ўстановы стаў 121 чалавек.
Дырэктар ліцэя А.А.Талашка павіншавала выпускнікоў з паспяховым атрыманнем рабочых прафесій і ўручыла кожнаму з іх дыплом. Алена Аляксандраўна выказала надзею, што сёлетнія выпускнікі стануць прадаўжальнікамі хлебаробскай справы і ліцэйскіх традыцый, будуць упэўнена ісці да прафесійнага майстэрства.
Лепшыя навучэнцы былі ўзнагароджаны граматамі за вучэбныя поспехі і актыўны ўдзел у спартыўным і грамадскім жыцці. Дакументы аб завяршэнні навучання з адзнакай і ганаровыя граматы атрымалі 7 выпускнікоў: Максім Бойка, Андрэй Зарыхта, Уладзіслаў Назарук, Віталь Тарасюк, Іван Дардзюк, Дзмітрый Луцык і Дзмітрый Пацурай.
Усе выпускнікі размеркаваны і накіраваны ў сельгаспрадпрыемствы Брэста, Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, дзе будуць працаваць трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці, слесарамі па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электразваршчыкамі і вадзіцелямі. Некаторыя выпускнікі плануюць прадоўжыць вучобу ў Пінскім дзяржаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы і Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ПТК.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара