Выхоўваюць турызмам

- 8:01МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Самалёты не лётаюць, курорты не прымаюць, межы на замку… Напэўна для кагосьці ў летні сезон такая сітуацыя катастрафічная. Але толькі не для спартсменаў-турыстаў. Яны дакладна ведаюць, што добры адпачынак магчымы і тут, у роднай Беларусі.

Напрыканцы чэрвеня група навучэнцаў Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў прайшла шматдзённым паходам па рацэ Лахва, што ў Магілёўскім раёне. Было там усё, як у прыгодніцкім фільме: і рызыка, і нечаканыя бар’еры, і “джунглі” крапівы, і дзікія звяры, і ўтапленне камеры з гігабайтамі адснятага відэа… Але цяжкасці толькі з’ядналі каманду. А моц дзікай прыроды, энергія жывой вады і агню кампенсавалі ўсе непрыемнасці.

Рака Лахва – правы прыток Дняпра. Працягласць – 90 кіламетраў, шырыня – каля 5–6 метраў. Месцамі вузкая, дынамічная, выгібістая, як змяя. Часткова праходзіць па лесапаласе ўздоўж берагавой лініі, часткова – па палях. Нярэдка трапляюцца глыбокія затокі, якiя пашыраюцца да 10–15 метраў. Глыбіня Лахвы на вузкіх участках да метра. Дно пясчанае, рэдка з каменным пылам або з каменнем. Па берагах расце алешына. Менавіта яна і стала прычынай завалаў, пад якія групе даводзілася паднырваць або перацягваць байдаркі ўручную.

На звілістых участках ракі турысты траплялі ў палон з раскі. Здавалася, што далей будуць суцэльныя балоты. Але пры выхадзе за чарговы паварот погляду ўдзельнікаў адкрываліся цудоўныя краявіды: калідоры з галін гіганцкіх дрэў і шчыльныя дываны з белых гарлачыкаў. Вострыя сонечныя прамяні, прабіваючыся праз густыя кроны, рассякалі паветра, залівістыя птушыныя пошчакі напаўнялі прастору. Казачныя краявіды ўзбуджалі свядомасць дзяцей, ствараючы адчуванне нерэальнасці, і пакідалі ў іх душах глыбокі след.

На адной са стаянак, недалёка ад вёскі Хадуцічы, удзельнікі паходу пазнаёміліся з мясцовымі жыхарамі. Тыя папярэдзілі, што тэрыторыю, якую група планавала выбраць для прывалу, аблюбавала ласіха і там лепш не спыняцца. А недалёка, кіламетрах у двух ніжэй па плыні, – логава ваўчыцы з ваўчанятамі.

Кожны дзень паходу быў напоўнены падзеямі і ўражаннямі, якімі дзеці ахвотна дзяліліся ля начнога вогнішча.

Турызм прыцягвае. Чалавеку ўласціва імкненне да прыгод і рамантыкі. Чаму ж дзеці так любяць паходы? Менавіта там яны адчуваюць сябе свабоднымі, самастойнымі і патрэбнымі ў камандзе.

Турызм – магутны сродак выхавання працавітасці, маральных і валявых якасцей. Падлеткі вучацца разумець, што забытая ці згубленая імі палатка, нядбалае выкананне даручэнняў кіраўніка, невыкананне тэхнікі бяспекі можа паставіць пад пагрозу ход усяго мерапрыемства. Так прывіваецца пачуццё адказнасці і калектывізму.

Асаблівую каштоўнасць турызм уяўляе і для педагога. У нестандартных сітуацыях паходу раскрываюцца тыя бакі асобы навучэнца, якія ў звычайных жыццёвых умовах можна не заўважыць. Бо дзеці могуць умела маскіраваць свае пачуцці, перажыванні і настрой. І педагогу ў такіх абставінах прасцей убачыць і згладзіць вострыя вуглы, павысіць самаацэнку падлетка. Дзеці лёгка перадаюць педагогу ролю лідара, што не заўсёды бывае ў навучальнай установе. Тут настаўнік – гэта сябра і таварыш, якому заўжды можна даверыць свае таямніцы.

55 быстрых кіламетраў – менавіта столькі прайшла група па рацэ Лахва. “Мала!” – казалі дзеці, ужо гатовыя хоць назаўтра выйсці на новы маршрут.

Дзіна ХРЫТОНЕНКА,
метадыст Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий