- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Insta_Stories_, ці Лагер новага фармату

 

 

Гэтым летам на базе Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці працаваў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем Insta_Stories_, які падарыў 45 дзяўчынкам і хлапчукам мора смеху, усмешак, зносін і цікавых знаёмстваў.

Перад важатымі стаяла важная задача: з незнаёмых паміж сабой дзяцей рознага ўзросту стварыць дружны дзіцячы калектыў, дзе будзе панаваць добразычлівая атмасфера і адчуванне камфорту. Штодня ў дапамогу важатым ствараліся лайфхакі – маленькія хітрасці, прыёмы і парады, якія дазваляюць спрасціць іх працу, зрабіць яе больш прадуктыўнай і цікавай.

Кожны новы дзень у лагеры быў прысвечаны пэўнай тэматыцы і адрозніваўся ад папярэдняга. Пачалося ўсё з дня знаёмстваў “Дадай мяне ў сябры” і ўрачыстага адкрыцця лагернай змены “Мы ў прамым эфіры”.

               

Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі цікавыя тэматычныя заданні, якія развівалі фантазію і дапытлівасць. Усе вельмі стараліся, бо ў лагеры дзейнічала рэйтынгавая сістэма заахвочвання атрадаў, і кожны хацеў стаць лепшым.

Асабліва цікавым быў дзень cinema, падчас якога дзеці прымерылі на сябе ролю рэжысёра, акцёра, зняўшы кароткаметражны фільм. Яны пісалі сцэнарый, рыхтавалі касцюмы і дэкарацыі, развучвалі ролі.

У дзень дапоўненай рэальнасці рабяты не проста малявалі на асфальце, а імкнуліся разнастаіць малюнак творамі, у якіх кожны быў галоўным героем. Для фіксацыі факту дапоўненай мелам рэальнасці трэба было легчы на асфальт і сфатаграфаваць карціну з вышыні. Дзеці стваралі галерэі партрэтаў з падручных матэрыялаў і малявалі ўсім атрадам трохметровыя карціны.

У дзень хейтараў у лагеры “скралі” яго дырэктара. Засмучаныя хлопцы і дзяўчаты складалі фотаробат злачынцы па апісанні, рыхтавалі атрыбуты сышчыка. Завяршыўся дзень следчым мерапрыемствам. Дзякуючы сабраным доказам быў падабраны ключ да шыфра і знойдзена месца, дзе схавалі дырэктара.

Мерапрыемствы дня “З любоўю да малой радзімы!” прайшлі на свежым паветры. Атрады з вялікім задавальненнем спаборнічалі ў спрыце і шпаркасці, вырабілі калаж з арнаментам, прынялі ўдзел у “Беларусіядзе”.

Зразумела, не абышлося і без пажарнай эстафеты з пазнавальнай віктарынай, накіраванай на прапаганду і навучанне дзяцей мерам пажарнай бяспекі і папулярызацыю прафесіі ратавальніка.

Не пакінулі абыякавымі дзяцей дні віртуальнага турызму, эмоджы, жартоўных Алімпійскіх гульняў, бразільскага карнавальнага шэсця, анімэ і інш.

           

У лагеры працаваў творчы цэнтр Кlub-ОК, у якім вопытныя, таленавітыя і крэатыўныя педагогі праводзілі цікавыя заняткі, ператварыўшы канікулы ў культурна-адукацыйны і карысны вольны час. Асаблівай папулярнасцю карысталіся аб’яднанні “Выпальванне”, “Лепка”, “Краязнаўства”, “Жывапіс”, “Белая ладдзя”, “Верасок”.

У аб’яднанні “Майстэрня вырабаў” выхаванцы стваралі ўпрыгажэнні, пацешных звяркоў, дзіцячыя цацкі, сувеніры.

Юных аматараў прыроды і прыгажосці роднага краю, пешых паходаў і падарожжаў, вогнішчаў і палатак, экстрыму і перашкод прывабіла аб’яднанне “Турызм”.

Маленькія модніцы, якія мараць вызначацца на подыуме, і жадаючыя навучыцца маляваць эскізы моднай вопраткі, з радасцю наведвалі аб’яднанне “Майстрыхі”.

У аб’яднанні “Мая любімая лялька” дзеці даведаліся шмат цікавага пра народныя лялькі, навучыліся вырабляць іх. Многія крэатыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі знайшлі сабе занятак у аб’яднанні “Юны рэпарцёр”.

Атрадаўцы штодзень размяшчалі сторыс у Instagram, што дазволіла бацькам у прамым эфіры назіраць за сваімі дзецьмі, даведвацца пра іх поспехі ў гульнявых праграмах, вясёлых конкурсах, спаборніцтвах.

Дні адпачынку ў Insta_Stories_ праляцелі як імгненне, а фотаздымкі захавалі лепшыя моманты адпачынку.

Падчас урачыстага закрыцця змены хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі памятныя падарункі, а таксама зарад бадзёрага настрою і незабыўныя эмоцыі на цэлы год.

Юлія ГУЛІЦКАЯ,
метадыст Ганцавіцкага раённага цэнтра
дзіцячай і юнацкай творчасці

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий