- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Увага! Любчанскія школьнікі здымаюць “Ералаш”

 

Дзень адкрыцця прышкольнага лагера “Восеньскі ералаш” у Любчанскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна стаў для вучняў сапраўдным святам. Тым больш, што, нягледзячы на тое, што пасля летняга адпачынку дзеці яшчэ поўныя сіл і энергіі, восеньскіх канікул яны чакалі з вялікім нецярпеннем.

Прышкольны лагер падчас канікул – гэта не толькі аздараўленне школьнікаў, гэта яшчэ і развіццё творчых здольнасцей, далучэнне да культурных каштоўнасцей, увасабленне ўласных планаў. Перад выхавальнікамі лагера стаіць задача пастаянна здзіўляць і радаваць яго ўдзельнікаў, напоўніць цікавым, пазнавальным зместам вольны час дзіцяці, уключыўшы яго ў разнастайную творчую дзейнасць.

Што ж прыдумалі нашы педагогі для сваіх падапечных у сёлетнія восеньскія канікулы?

 

Дзейнасць лагера арганізавана ў выглядзе здымкаў фільма. Кожны новы дзень у лагеры – гэта новая серыя з жыцця “Восеньскага Ералаша”. Праграма ўвогуле вельмі насычаная. Фантазіі выхавальнікаў застаецца толькі пазайздросціць!

Дзецям не прыходзіцца сумаваць – яны ўвесь час занятыя: рыхтуюцца да выступленняў, майструюць вырабы, малююць, праз гульні вывучаюць правілы дарожнага руху, далучаюцца да прыгожага, знаёмяцца з гісторыяй Беларусі, роднага пасёлка, удзельнічаюць у вясёлых гульнях і конкурсах, у спартыўных мерапрыемствах.

Асабліва цікавымі і змястоўнымі былі такія мерапрыемствы, як Dance-time квест, арт-гурт “Стылісты”, DanceParty “Крута ты трапіў на TV”, забаўляльная праграма “Жыць без усмешкі – проста памылка”, “Лепшае сэлфі #ЗОЖсэлфі” і многія іншыя.

Ералаш – гэта мешаніна, і ў наш “Восеньскі ералаш” намяшалася столькі творчага запалу, вясёлых і павучальных гульняў, самых розных праграм і мерапрыемстваў, а любчанскія школьнікі аказаліся настолькі артыстычныя, што нашы міні-фільмы з лагернага жыцця атрымаліся не горш за вядомы дзіцячы гумарыстычны часопіс “Ералаш”.

Жана БЕДУНКЕВІЧ,
дырэктар аздараўленчага лагера
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий