- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Па маршруце прыродазнаўчых навук

 

У сярэдняй школе № 5 Навагрудка прайшоў тыдзень прыродазнаўчых навук.

Яркай падзеяй першага дня стала адкрыццё тыдня. Навучэнцы ўбачылі тэатралізаванае прадстаўленне, у якім навукі Геаграфія, Біялогія, Хімія распавялі пра важнасць і значнасць кожнай з іх і прапанавалі цікавы маршрут падарожжа па казачнай краіне Прыродазнаўства.

Усе дні тыдня былі цікавымі і насычанымі. Для малодшых школьнікаў вучні 11-га класа правялі экалагічную промаакцыю “Адходы – у даходы”. Старшакласнікі распавялі пра неабходнасць раздзельнага збору смецця і правялі майстар-клас па вырабе розных рэчаў з непрыдатнага матэрыялу.

 

Навучэнцам 6–7 класаў асабліва запомнілася наведванне хімічнай лабараторыі. Чараўніком-хімікам выступіў навучэнец 10-га класа Яўген Астроўскі, неаднаразовы пераможца раённай і ўдзельнік абласной алімпіяды па хіміі. Пад кіраўніцтвам свайго настаўніка юны хімік прадэманстраваў займальныя доследы: хімічныя змеі, знікненне афарбоўкі, фантан з пены, пераўтварэнне вады ў кампот і наадварот, запальванне і тушэнне агню, хімічны вулкан.

У кабінеце біялогіі на працягу тыдня працаваў фіта-бар “Зялёная аптэка”. Фіта-бармэны з 10-гакласа распавядалі гасцям пра розныя лекавыя расліны і прапаноўвалі жадаючым паспрабаваць смачны фіта-чай.

А вучням 4–5 класаў прадставілася ўнікальная магчымасць здзейсніць экскурсію ў інтэрактыўны музейны пакой “На скрыжаванні прыродазнаўчых навук”. Навучэнцаў зацікавілі выставачныя экспазіцыі “Геаграфія”, “Хімія” і “Біялогія”. Наведвальнікі музея не толькі слухалі экскурсаводаў, але і маглі яшчэ разгледзець у мікраскоп розныя мікраарганізмы, патрымаць у руках мадэлі хімічных элементаў, апынуцца на востраве Куба і яскрава станцаваць.

Тыдзень скончыўся ўрачыстым узнагароджваннем пераможцаў. У гэтыя дні навучэнцы яшчэ раз пераканаліся, колькі ўсяго цікавага, незвычайнага, значнага ў вучэбных прадметах, як яны ўсе ўзаемазвязаныя і неабходныя ў будучыні для кожнага з іх.

Аксана БОРЫС,
настаўнік геаграфіі
сярэдняй
школы № 5 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий