Сярэдняя школа № 16 Гродна – установа адукацыі са сваімі асаблівымі адносінамі да вучняў, настаўнікаў і бацькоў. У практыку нашай школы трывала ўвайшлі ідэі гуманізацыі, талерантных адносін да кожнага дзіцяці з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.
У школе ўжо на працягу сямі гадоў дзейнічаюць класы інтэграванага навучання і выхавання, дзе атрымліваюць адукацыю дзеці з парушэннямі слыху, з парушэннямі аўтыстычнага спектру. У школе на практыцы рэалізуецца асноватворны прынцып інклюзіўнай адукацыі – усе дзеці павінны мець магчымасць вучыцца разам, незалежна ад перашкод, якія сустракаюцца на шляху.
У рамках мерапрыемстваў да Дня інваліда і Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў школе прайшоў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Гэта класныя гадзіны “Сцежкаю дабрыні”, конкурс малюнкаў “Рука ў руцэ”, выстава сямейнай творчасці “Ад сэрца да сэрца”. Майстар-клас па маляванні акварэльнымі фарбамі правяла кіраўнік арт-студыі К.Забеліна. Да мерапрыемстваў далучыўся валанцёрскі атрад СШ № 27 “Данка” – дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымалі прыемныя падарункі.
Школьны калектыў далучыўся да рэспубліканскай акцыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа “Ёлка жаданняў”, дзе кожны “асаблівы” вучань напісаў сваё пажаданне на Новы год, якое абавязкова павінна ажыццявіцца.
Вольга САЎЧЫК,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 16 Гродна