Мілагучная матчына мова

- 16:06ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

     

У Цырынскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе Карэліцкага раёна прайшоў тыдзень беларускай мовы.

На працягу тыдня праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы. У файе размяшчаўся інфармацыйны стэнд “Вывучайце родную мову!”, на якім вучням прапаноўваліся цікавыя заданні: крыжаванкі, метаграмы, гульня “Перакладчыкі”, слоўнічак “Апранайся па-беларуску” і інш.

Бібліятэкар Г.М.Зінчанка ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры арганізавала выставу кніг, прысвечаную творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, навінкам беларускамоўных выданняў.

Для выхаванцаў рознаўзроставай групы арганізавана экскурсія ў музей “Наша памяць”. Дзеці з цікавасцю разглядвалі прадметы дамашняга побыту ў час наведвання экспазіцыі “Беларуская хатка”. Цікавую і змястоўную экскурсію падрыхтавала вучаніца 7-га класа Алена Барташэвіч.

Па ініцыятыве бібліятэкара ў 1–4-х класах праведзена свята народнай творчасці “Жывая мова народных крыніц”. У госці да дзяцей завітала бабуля Лявоніха, якая прыйшла на сустрэчу не з пустымі рукамі – дзеці з задавальненнем адгадвалі беларускія загадкі, успаміналі народныя прыказкі і прымаўкі, гулялі ў народныя гульні. А як прыгожа гучалі вершы на беларускай мове! А калі дзеці заскакалі “Крыжачок” – на месцы не мог уседзець ніхто.

Шмат цікавых мерапрыемстваў з вучнямі 5–9-х і 11-га класаў арганізавала і правяла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Т.У.Казлова. З вялікім задавальненнем і ахвотай вучні 7–8-х класаў прынялі ўдзел у конкурснай праграме “ФЭСТ”. Вучні паказалі свае веды ў заданнях тэматычнага характару: фальклоры, этнаграфіі, спадчыне, традыцыях беларускага народа. Перамогу атрымалі вучні 7-га класа.

У ролі лінгвістаў выступілі вучні 9-га і 11-га класаў падчас правядзення гульні-віктарыны “Размаўляем па-беларуску”. Яны далучыліся да духоўных скарбаў свайго народа: роднага слова, культуры і гісторыі беларускага народа. Мацнейшай аказалася каманда вучняў 9-га класа.

Каларытным дапаўненнем тыдня беларускай мовы стаў конкурс чытальнікаў вершаў “Гучы, роднае слова!” сярод вучняў 3–9-х і 11-га класаў. Прыемна было назіраць, з якім хваляваннем вучні чыталі вершы. Хочацца верыць, што ў сэрцы кожнага з іх засталася часцінка роднага слова.

Вучні 5–6-х класаў прынялі актыўны ўдзел у правядзенні вуснага часопіса “А ў нас праз тыдзень Масленіца”. Яны расказалі пра характэрныя асаблівасці кожнага дня масленічнага тыдня, паказалі свой музычны і артыстычны талент, правялі цікавыя гульні.

Закончыўся тыдзень прадметнай алімпіядай па беларускай мове для вучняў 2–4-х класаў. Вучні 7–9-х класаў у рамках шостага школьнага дня прынялі актыўны ўдзел у праекце “Адзіны дыктант на прыз БРСМ”.

Вядома, наша сёння, як некалі наша мінулае, таксама стварае традыцыі і будучыні.Кожнаму беларусу варта далучацца да народнай культуры, актыўна ўдзельнічаць у адраджэнні нацыянальных традыцый і ўводзіць дзяцей у гэты самабытны свет, фарміруючы ў іх душах базіс культуры – народнай, маральнай.

Жанна МОХАНЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цырынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы
Карэліцкага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий