Святкаванне 1 красавіка Міжнароднага дня птушак стала традыцыйным у яслях-садзе г. п. Мір Карэліцкага раёна.
У гэты дзень ва ўсіх групах выхаванцы гутарылі пра птушак і іх значэнне ў прыродзе і жыцці чалавека, успаміналі, як трэба клапаціцца, абараняць і дапамагаць маленькім сябрам. Асаблівую ўвагу надалі птушцы ляляку, якая была прызнана птушкай года Беларусі.
У старшай групе інтэграванага навучання і выхавання прайшла віктарына “Знаўцы птушак”. Паміж сабой спаборнічалі дзве каманды. Дашкольнікі дэманстравалі свае веды пра асаблівасці жыцця птушак, адгадвалі загадкі, пазнавалі птушак па голасе, па апісанні знешняга выгляду, складалі тэматычныя разрэзаныя малюнкі, прыдумвалі невялікія аповеды пра пэўную птушачку, вырашалі праблемныя сітуацыі і г.д. Капітаны каманд спаборнічалі ва ўменні класіфікаваць птушак на пералётных і зімуючых.
Выхаванцы сярэдніх груп праз дыдактычныя гульні “Чацвёрты лішні”, “Даведайся па апісанні”, “Лагічны ланцужок”, “Адгадай, чый галас”, “Дзюба – лапкі – хвост” замацоўвалі свае веды пра птушак.
Дзеці малодшых груп з задавальненнем паглядзелі развіваючыя мультфільмы “Птушкі: энцыклапедыя для дзяцей”, “Гукі жывёл: птушкі”. На прагулцы выдалася магчымасць паназіраць за вясновымі заняткамі шпакоў, гракоў, вераб’ёў. А асабліва парадавала хлопчыкаў і дзяўчынак вяртанне з выраю бусла, які кожны год прылятае ў сваё гняздо недалёка ад дзіцячага сада.
І, вядома ж, усе дзеці праявілі сваю любоў і цікавасць да птушак ў творчасці: вырабе птушак з прыроднага матэрыялу, маляванні, лепцы, аплікацыі.
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г. п. Мір
Карэліцкага раёна