Тыдзень замежных моў у гімназіі Ваўкавыска  

- 19:21ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У гімназіі № 2 Ваўкавыска, навучальнай установе з багатай моўнай спадчынай і, у пэўным сэнсе, унікальнай, выкладаецца чатыры замежныя мовы: французская, іспанская і кітайская ў якасці першай, а англійская – як другая замежная. Таму тыдзень замежных моў, які прайшоў нядаўна, быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі і захапіў усіх.

Замежная мова мае велізарны выхаваўчы і развіваючы патэнцыял. Наш прадмет далучае вучняў да ўзораў сусветнай і роднай культуры, уключае іх у дыялог культур, развівае асобу сродкамі мовы. Эфектыўным інструментам паглыблення ведаў з’яўляецца пазакласная работа. Яна, дарэчы, не толькі значна пашырае культуралагічны далягляд школьнікаў, але становіцца дзейсным сродкам павышэння матывацыі і развіцця творчай актыўнасці вучняў, іх эстэтычнага густу.

Прадметныя тыдні для нас даўно ўжо сталі традыцыйнымі. Праграма сёлетняга тыдня замежных моў была вельмі насычанай і ахапіла вучняў з першага да адзінаццатага класа. І трэба адзначыць, што, фактычна, тыдзень пачаўся яшчэ загадзя: на сайце і ў сацыяльных суполках гімназіі з’явіўся рэкламны ролік маючых адбыцца мерапрыемстваў.

Кожны дзень тыдня быў прысвечаны пэўнай тэме. Яркім пачаткам стаў панядзелак, які прайшоў пад дэвізам “Давайце пагуляем!”. З дапамогай настаўнікаў вучні старшых класаў падрыхтавалі для малодшых школьнікаў “інтэрактыўныя перапынкі”. Дзеці пазнаёміліся і з задавальненнем пагулялі ў традыцыйныя гульні краін, мовы якіх вывучаюцца ў гімназіі. У гэты дзень адчыніў свае дзверы арт-салон у кабінеце кітайскай мовы: вучні даведаліся пра гісторыю ўзнікнення традыцыйных фанарыкаў, а потым і самі змайстравалі рознакаляровыя фанарыкі з паперы.

У Міжнародны дзень міру вучні гімназіі актыўна ўдзельнічалі ў мульцілінгвальнай акцыі “Зробім свет лепшым, чым раней”. Яны пазнаёміліся з жыццём і творчасцю іспана-французскага мастака Пабла Пікасо, даведаліся пра гісторыю стварэння яго вядомага “Голуба міру”, а таксама намалявалі ўласных галубкоў, напісалі і агучылі свае пажаданні нашай планеце.

З нядаўніх пор 22 верасня ў свеце адзначаецца адзіны Вэб-дзень (OneWebDay). У эпоху, калі інтэрнет акружае нас паўсюль, калі кожны з нас носіць цэлы свет ва ўласнай кішэні, мы, настаўнікі, проста абавязаны выкарыстоўваць адукацыйны патэнцыял сусветнага павуціння. Вэб-квест “Вакол свету за One Web Day” і інтэрнет-віктарына “Вывучаем мовы на працягу ўсяго жыцця” выявілі лепшых эрудытаў сярод вучняў V–IX класаў.

Мазаіку асацыяцый складалі гімназісты разам з настаўнікамі і бацькамі ў чацвёрты дзень тыдня. Памяркоўны беларус з бульбай, стыльны француз з багетам, кансерватыўны англічанін з кубачкам гарбаты ці тэмпераментны іспанец з паэльяй… Ці заўсёды нашы ўяўленні пра навакольны свет супадаюць з яго рэальнай карцінай? Зусім няпроста развеяць міфы і зламаць стэрэатыпы, але заўсёды вельмі цікава дазнацца пра нешта новае, адкрыць грані ўласнай і замежнай культуры. Многа новых ведаў і шмат пазітыўных эмоцый прынесла ўдзельнікам гульня “Калейдаскоп святаў”, прысвечаная нацыянальным традыцыям краін вывучаемых моў.

У майстэрстве перакладу спаборнічалі вучні ў рамках дня перакладчыка, які прайшоў пад дэвізам “Многа моў – адна прафесія”. Зусім няпроста трэцякласніку адрозніць сугучныя з роднай мовай замежныя словы. І далёка не кожны сямікласнік можа пахваліцца сшыткам-слоўнікам, дзе акуратна запісана ўся лексіка з самага пачатку вывучэння замежнай мовы. Вядучай думкай усіх мерапрыемстваў стала прафесійная арыентацыя: разам з настаўнікамі вучні гаварылі пра прафесіі лінгвіста, настаўніка, перакладчыка, а таксама разважалі, якое месца займаюць замежныя мовы ў прафесійным самавызначэнні.

Фінальным акордам тыдня стала суботняя вечарына для старшакласнікаў “Паспявай са мною”, прысвечаная Дню еўрапейскіх моў. Вядомыя мелодыі на іспанскай, англійскай, французскай, рускай і беларускай мовах падарылі выдатны настрой не толькі выканаўцам – спевакам і танцорам, але таксама і ўсім прысутным у зале.

Дабаўлю яшчэ толькі тое, што мерапрыемства не абышлося без заслужаных узнагарод. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты, а пераможцы конкурсаў і найбольш актыўныя вучні – цудоўныя дыпломы. Настаўнікі і вучні яшчэ раз пераканаліся, што вывучэнне замежнай мовы – гэта “свята, якое заўжды з табой”.

 

Ала ЛОБАЧ,
настаўнік французскай мовы
гімназіі № 2 Ваўкавыска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий