Музейны пакой падарункаў у школе № 8 Ваўкавыска  

- 17:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Адкрыццё музейнага пакоя падарункаў і сувеніраў у сярэдняй школе № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання было прымеркавана да 20-годдзя школы. І гэта не выпадкова – якое ж свята абыходзіцца без падарункаў?!

За 20 гадоў школа здабыла шмат сяброў, наладзіла цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі, арганізацыямі як у Беларусі, так і ў Рэспубліцы Польшча. Штогод мы прымаем розныя дэлегацыі з Польшчы, Казахстана, Украіны і іншых краін. Усе нашы сябры прыязджаюць з падарункамі і рознымі сувенірамі. Іх сабралася такая колькасць, што мы вырашылі адкрыць музейны пакой, прысвечаны памятным падарункам і сувенірам, падараваным гасцямі і сябрамі нашай школы.

З самага першага дня існавання школы мы вядзем летапіс памятных падзей школьнага жыцця. Гэта вялізарны альбом “Хроніка школы”, у якім па гадах запісваюцца лепшыя і самыя яскравыя моманты з гісторыі нашай школы: агульнашкольныя мерапрыемствы, лінейкі, паходы, экскурсіі. Дарэчы, такая традыцыя замацавалася ў кожным класе школы, дзе навучэнцы вядуць свае хронікі.

Для кожнага не сакрэт, што кніга – гэта лепшы падарунак. Не выпадкова кніга лічыцца своеасаблівым сімвалам павагі і адным з лепшых спосабаў завесці новае знаёмства. Напэўна таму кнігі, падораныя нашай школе сябрамі і гасцямі, маюць для нас асаблівую каштоўнасць.

Асобная экспазіцыя ў музейным пакоі прысвечана каштоўным падарункам і сувенірам, падораным у гонар юбілейных дат нашай школы. Асаблівае месца сярод экспанатаў займае імянны сцяг, падораны Таварыствам сем’яў Ваўкавыскай зямлі ў Гданьску ў гонар адкрыцця школы 2 кастрычніка 1999 года. Менавіта з Гданьскам у нас наладжаны самыя цёплыя, працяглыя і моцныя адносіны.

Школа ганарыцца моцным, шматгадовым сяброўствам і цесным супрацоўніцтвам з гарадамі-пабрацімамі Рэспублікі Польшча: Седльцэ, Міхалова, Лемборк. Сувеніры, падораныя прадстаўнікамі гэтых гарадоў, адлюстроўваюць нацыянальны каларыт, культуру і традыцыі нашых сяброў. І таму маюць асаблівую каштоўнасць для нас.

Геаграфія нашых сяброўскіх і партнёрскіх адносін пашыраецца з кожным годам. Пацвярджэнне гэтаму – сувеніры і падарункі ад дэлегацый з розных краін, якія наведваюць нашу школу: памятныя сувеніры, падораныя дэлегацыяй з Казахстана, памятныя падарункі ад сяброў з польскага горада Закапанэ, карціна ад дружалюбнага нам Віцебска, з якім мы на працягу шасці гадоў з’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў.

У нашай школе замацавалася традыцыя віншаваць з самымі важнымі святамі сяброў, знаёмых з дапамогай паштовак. Штогод мы адпраўляем велізарную колькасць паштовак з самымі шчырымі віншаваннямі ў розныя куткі Беларусі і Польшчы. І ў адказ атрымліваем разнастайныя па афармленні і дызайну паштоўкі, якія прасякнуты цёплымі словамі і віншаваннямі. За доўгія гады паштовак сабралася так шмат, што мы вырашылі іх аформіць у асобны альбом. Разнастайнасць і пышнасць віншавальных паштовак дзівіць уяўленне і стварае святочную атмасферу. Але мы ўпэўненыя, што самае галоўнае ў віншавальнай паштоўцы – гэта словы, якія ідуць ад усёй душы і выказваюць шчырую ўдзячнасць, павагу і любоў.

У музейным пакоі ёсць таксама падарункі, падораныя выпускнікамі нашай школы. Сярод іх асаблівае месца займаюць карціны Веранікі Коц, таленавітай і творчай асобы.

Ганаровае месца сярод экспазіцый музейнага пакоя займаюць спартыўныя ўзнагароды нашых навучэнцаў. Школа па праве можа ганарыцца высокімі дасягненнямі ў спорце: штогод каманда ад установы адукацыі займае першыя месцы ў раённай спартакіядзе. Традыцыйна высокіх вынікаў навучэнцы дасягаюць ў спаборніцтвах па валейболе, у мнагабор’і “Здароўе”, “Снежны снайпер”, у спаборніцтвах па шахматах і настольным тэнісе, займаючы толькі прызавыя месцы.

Мы ганарымся моцнымі, цёплымі і сяброўскімі адносінамі з гарадамі-пабрацімамі з Рэспублікі Польшча, з установамі адукацыі Рэспублікі Беларусь, з рознымі арганізацыямі і прадпрыемствамі. Пацвярджэннем гэтых слоў з’яўляюцца прадстаўленыя ў музейным пакоі памятныя падарункі і сувеніры. У іх адлюстоўваюцца шчырыя, добрыя, бескарысныя адносіны, сяброўства і павага.

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва, гасцінныя і ўмеем сябраваць, а гэта значыць, наперадзе ў нас новыя знаёмствы, новыя партнёры і сябры. Мы шчыра ўпэўнены, што наш музейны пакой будзе папаўняцца новымі экспанатамі – сімваламі сяброўства, узаемнай павагі, даверу і адзінства.

 

Ганна ЛІТОЎКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска
з польскай мовай навучання

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий