Чарговы дзень у лагеры “Падарожнікі ў часе”, які функцыянуе на базе Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, быў вельмі насычаны. Ён прайшоў пад дэвізам “Навагрудчыну вывучаем разам”, бо мэта лагера – кожны дзень даведвацца пра штосьці новае, пазнаваць родную Беларусь.
Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў віктарыне “Мой родны кут”. Дзеці адказвалі на пытанні пра радзіму і родны Навагрудак, складалі прыказкі з прапанаваных слоў. Найбольш актыўнымі былі Аляксандра Бакач, Эвеліна Куцко, Давід і Герман Тарабанчукі.
Пасля віктарыны дзеці адправіліся на квест “Ад помніка да помніка”, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Школьнікі наведалі тры помнікі аграгарадка, усклалі кветкі, ушанавалі хвілінай памяці кожнага загінуўшага.
Затым прайшоў конкурс малюнкаў “Люблю свой край”. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі стараліся, і кожны праз малюнак паказаў любоў да таго месца, дзе ён нарадзіўся, да тых людзей, якіх любіць. Пасля абеду выхаванцы здзейснілі віртуальную экскурсію па славутасцях навагрудскай зямлі. Дзеці падзяліліся цікавымі фактамі пра родны край, пазнаёміліся з новай інфармацыяй пра Навагрудчыну і яе жыхароў.
Анастасія ГРЫГОР’ЕВА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна