Мерапрыемства накіравана на выхаванне цікавасці да беларускай народнай культуры, роднага краю. Садзейнічае актыўнаму ўключэнню бацькоў у сумесную працу па выхаванні грамадзянска-патрыятычнай культуры ў дзяцей праз выкарыстанне беларускага фальклору.
Антаніна ГУР’ЯН, Ганна РАДЗЕВІЧ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
ДУА “Беняконскі дзіцячы сад” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: выхоўваць цікавасць да беларускай народнай культуры, роднага краю; садзейнічаць актыўнаму ўключэнню бацькоў у сумесную працу па выхаванні грамадзянска-патрыятычнай культуры ў дзяцей праз выкарыстанне беларускага фальклору, беларускіх народных гульняў, народных свят.
Задачы:
– далучаць дзяцей да беларускай традыцыйнай культуры праз выкарыстанне беларускіх народных гульняў, традыцыйных свят (Купалле), малых форм фальклору (прыказкі, прымаўкі, калыханкі), беларускай музыкі, беларускіх страў; пашыраць уяўленні пра традыцыйнае адзенне беларусаў;
– развіваць увагу, памяць, мову;
– выхоўваць гонар за сваю сям’ю, пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы, цікавасць да традыцый, звычаяў беларускага народа.
Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапіс песні “Хата бацькоў” (гурт “Дразды”); беларускія народныя касцюмы для хлопчыка і дзяўчынкі; прадметы беларускага адзення для гульні “Збіраемся на беларускае свята”; пялёсткі “кветкі” з заданнямі; сямейныя фотаздымкі, герб сям’і для дэманстрацыі; слайды беларускага нацыянальнага адзення, беларускіх страў, беларускіх традыцыйных свят; куфэрак з музычнымі інструментамі; саламяны капялюш для гульні “Капялюш”; доўгая стужка для гульні “Слуцкія паясы”; “папараць-кветка” з паперы для гульні “Купалінка”.
Папярэдняя работа: развучванне вершаў, калыханак, беларускіх народных гульняў “Капялюш”, “Купалінка”; чытанне беларускіх народных казак, прымавак і прыказак; разгляд ілюстрацый і фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны беларускія музычныя інструменты, беларускія стравы, беларускае нацыянальнае адзенне.
Ход мерапрыемства
Вядучы: Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! У нас сёння выдатны, асаблівы дзень – сямейны, таму што вы прыйшлі са сваімі роднымі: мамамі і татамі, бабулямі і дзядулямі. Давайце павітаем іх! А вось і яны.
(Уваходзяць госці. Дзеці стаяць, потым усе разам садзяцца.)
Як добра быць побач з блізкімі людзьмі! Я бачу гэта па вашых усмешках, зіхаценні вачэй. Сябры, якія вы ўсе прыгожыя і шчаслівыя! Колькі цяпла і любові на вашых тварах! І паколькі мы сабраліся пад дахам нашага агульнага дома – дзіцячага сада, то можам лічыць сябе адной вялікай дружнай сям’ёй! Вы згодны? (Адказы дзяцей.)
Мы жывём з вамі ў Беларусі. Беларусь – гэта наша Радзіма. У кожнага яна адна. Мы тут нарадзіліся. Тут будзем вучыцца і працаваць. Нашы бабулі і дзядулі тут жывуць. Нашы таты і мамы тут працуюць. Мы ўсе любім сваіх бацькоў. Мы любім свой садок, сваіх сяброў. Мы любім сваю вёску.
Выходзяць дзяўчынка і хлопчык у беларускіх касцюмах
Дзяўчынка:
Я дзяўчынка-беларуска.
З васільковымі вачыма,
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.
(П.Панчанка)
Хлопчык:
Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус,
Мой край завецца Беларуссю.
А сам я хлопчык-беларус.
(С. Сокалаў-Воюш)
Вядучы: Прыказкі і прымаўкі – наш моўны скарб. У іх адлюстроўваецца не толькі гісторыя, звычаі, быт, але і характар, душа народа. Прыказкі і прымаўкі маюць глыбокі сэнс, вучаць мудрасці чалавека. Чым больш чалавек ведае прыказак, тым большы вопыту народа ён можа пераняць.
А зараз мы даведаемся, як нашы бацькі ведаюць беларускія прыказкі і прымаўкі. Я пачну, а вы дапоўніце.
Няма смачнейшае вадзіцы, як….. з роднай крыніцы.
Усякай птушцы….. сваё гняздо міла.
Радзіма – матка, чужына –…..мачаха.
Роднаму зямелька, як зморанаму…… пасцелька.
У сваім краі, …… як у раі.
Усюды добра, а дома…… лепей.
Кожная сасна….. свайму бору песню пяе.
Вядучы: Вы цудоўна справіліся з заданнем! Нездарма нашу сустрэчу мы пачалі з гэтых вершаў, прыказак і прымавак, бо сёння, паважаныя госці, я прапаную ўсім разам акунуцца ў свет беларускіх народных традыцый, звычак, гульняў. Наша сустрэча пройдзе ў выглядзе цікавых заданняў, але спачатку адгадайце маю загадку.
У чыстым полі я расту,
Імя хлопчыка нашу.
На лузе я сустракаюся.
Адкажы, як называюся. (Васілёк)
Вядучы: Правільна, гэта васілёк. Каб убачыць гэту прыгожую кветку, нам спачатку трэба яе скласці з пялёсткаў. (Дзяўчынкі падыходзяць да стала і складаюць кветку.)
А цяпер усе разам запрасіце вашых бацькоў паглядзець на гэту прыгожую кветку. Вы ведаеце, што гэта кветка незвычайная? Яна сімвалізуе нашу краіну, кожны яе пялёстак утрымлівае заданне для вас і вашых мам, тат, бабуль і дзядуль.
(Дзеці выбіраюць пялёстак з заданнем і аддаюць яго сваім родным.)
1-ы пялёстак: “Мае карані”
Вядучы: У кожнай сям’і ёсць свой вопыт у выхаванні дзяцей на аснове нацыянальных традыцый. Як гэта адбываецца ў сям’і (імя дзіцяці), нам раскажа яе матуля.
(Матуля выносіць мальберт з фотаздымкамі і расказвае пра сваю сям’ю, пра яе карані; дэманструе герб сваёй сям’і, тлумачыць, чаму выбраны такі колер і сімволіка.)
Вядучы: Вялікі дзякуй вам за цікавы аповед! Я ўпэўнена, што кожная сям’я ведае і помніць сваіх продкаў.
2-і пялёстак: “Сустрэча з казкай”
Вядучы: Да нас сёння завітала (імя бабулі), бабуля (імя дзіцяці). Яна ведае шмат цікавых народных казак і хоча ўпэўніцца, ці ведаеце іх вы.
Бабуля: Сапраўды, я вельмі люблю казкі. У свой час, калі я была маленькая, мне расказвалі казкі мае бацькі. Калі я сама стала матуляй, то стала расказваць казкі сваім дзецям. Дзеці выраслі. І цяпер з задавальненнем мае казкі слухаюць унукі.
Я прапаную вам, дзеці, падысці да майго казачнага кутка.
Але каб адправіцца ў дарожку, падкуём мы з вамі ножку.
Пальчыкавая гульня “Кую-кую ножку”
Кую-кую ножку, (стукаць нагой па падлозе)
Паеду ў дарожку, (завесці маторчык)
Дарожка крывая, (“хваля” сцэпленымі рукамі)
Кабылка сляпая, (сціскаць і расціскаць пальцы рук)
Жарабётка мала, (пляскаць у далоні)
Ножку паламала.
(Дзеці разам з бабуляй падыходзяць да кутка, дзе размешчаны кнігі з беларускімі народнымі казкамі.)
Бабуля: Паглядзіце, калі ласка, колькі кніг жыве ў маім куточку! А вы любіце кнігі? А якія беларускія казкі вы ведаеце?
Я буду чытаць урывак, а вы павінны адказаць, як называецца казка.
(Адпаведныя выявы беларускіх народных казак з’яўляюцца на экране.)
Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй ты з хаткі.
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе…..(“Каза – манюка”)
Я – пятух-чабятух,
Я – пявун-лапатун,
На кароткіх нагах,
На высокіх пятах.
Нясу касу на плячы,
Хачу ліску засячы….(“Зайкава хатка”)
Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!…(“Коцік, пеўнік і лісіца”)
Бабуля: Малайцы! Усе казкі вы ведаеце, і за гэта я вам хачу даць у падарунак вось такую кнігу, дзе сабраны самыя цікавыя беларускія казкі.
(Бабуля дорыць дзецям кнігу з беларускімі народнымі казкамі.)
Вядучы: (Імя бабулі), вялікі вам дзякуй! Мы з задавальненнем прачытаем усе казкі. Абяцаем, што будзем берагчы і шанаваць кнігу! Так, дзеці? (Адказы дзяцей.)
3-і пялёстак: “Беларускія музычныя інструменты”
Вядучы: Сустракайце! Да нас завітаў хлопчык Янка, які прынёс чароўны куфэрак. А што знаходзіцца ў куфэрку, вы паспрабуйце адгадаць.
(Вядучы загадвае загадкі, пасля таго як дзеці адгадаюць, дастае музычны інструмент з куфэрка.)
Загадкі:
1. Дзесяць дзірачак у ёй, а ў кожнай голас свой.
Што гэта? (Дудка)
2. Хоць не жанчына, а спявае
Так, што сляза ў вачах гуляе,
А сыпне польку-трапятуху,
Не ўседзім, брат, не хопіць духу. (Скрыпка)
3. Гэта – інструмент народны.
І вясёлы, і журботны…
Вось дзе цуд і прыгажосць!
Струн у ім мо сотня ёсць.
Ключ для струн, два малаточкі,
Іх завуць яшчэ кручочкі…
Лёгкі ўзмах умелых рук –
І паплыў чароўны гук. (Цымбалы)
Вядучы: У нас прысутнічае музычная сям’я (імя дзіцяці). Бацькі працуюць у музычнай школе, а дзеці ў гэтай школе вучацца граць на музычных інструментах.
Матуля (імя дзіцяці) хоча нас пазнаёміць з такім музычным інструментам, як цымбалы.
(Матуля дэманструе цымбалы. Дзеці абследуюць інструмент.)
Матуля: Цымбалы на Беларусі з явіліся вельмі даўно, іх вельмі любяць нашы людзі. Я ў дзяцінстве вучылася граць на цымбалах у музычнай школе. Маім дзецям таксама падабаецца гэты інструмент. Цяпер я працую настаўнікам у гэтай музычнай школе і запрашаю вас да сябе. Прыходзьце, калі ласка, навучу і вас!
Вядучы: Ой, нешта Янка наш стаміўся. Відаць, спаць захацеў. А што трэба зрабіць, каб дзіця хутчэй заснула? (Адказы дзяцей.)
Вядучы: Давайце заспяваем калыханку, а матуля (імя дзіцяці) нам зайграе на цымбалах. (Мама грае на цымбалах, дзеці і бацькі спяваюць.)
Калыханка “Коця”
4-ы пялёстак: “Беларускае адзенне”
Вядучы: Беларускі народ вельмі таленавіты! Напрыклад, бабуля (імя дзіцяці) – вялікая майстрыха, яна прыгожа вышывае, шые, выдатна вяжа, вялікую дапамогу аказвае нашай групе і дзіцячаму садку. Вось, напрыклад, для правядзення свята “Гуканне вясны” яна пашыла вось такі прыгожы фартух. (Вядучы дэманструе фартух.)
(Імя бабулі), раскажыце нам, калі ласка, якое адзенне беларусы насілі раней?
Бабуля: Раней людзі самі выраблялі адзенне. Вырошчвалі лён, апрацоўвалі яго. Самым прыгожым было жаночае адзенне.
Спаднічка ў клетачку ці палоску. Паверх спаднічкі падпяразваліся фартушком. Фартух часцей за ўсё ўпрыгожваўся беларускім арнаментам.
На ногі апраналі лапці з лазы, а потым навучыліся шыць чаравікі.
Хлопцы апраналі вышываную кашулю і падпяразвалі тканым паяском.
У беларусаў былі прыгожыя галаўныя ўборы. Звычайным мужчынскім галаўным уборам з’яўляўся саламяны капялюш, а жаночым – хусцінка. Яшчэ жанчыны насілі намітку або какошнік.
(На экране дзецям дэманструюцца слайды з прадметамі беларускага нацыянальнага адзення.)
Вядучы: Запрашаю вас, дзеці, пагуляць у народную гульню “Капялюш”.
Карагодная народная гульня “Капялюш”
Дзеці стаяць у крузе і пад беларускую народную мелодыю перадаюць адно аднаму саламяны капялюш. Калі музыка спыняецца, дзіця, у якога застаецца ў руках капялюш, выходзіць у цэнтр круга і танцуе. Гульня паўтараецца.
Бабуля: А я падрыхтавала гульні для тат і матуль.
Гульня для матуль “Слуцкія паясы”
Вядучы трымае стужку пасярэдзіне, а матулі – за канцы. Па сігнале матулі, паварочваючыся вакол сябе, накручваюць стужку сабе на пояс.
Конкурс для татаў “Збіраемся на беларускае свята”
З прыгатаванага адзення выбраць з элементамі беларускага касцюма і нарадзіцца ў яго.
Вядучы: Якімі прыгожымі і нараднымі сталі нашы бацькі! Паважаныя таты, па якіх прыметах вы вызначылі, што гэта менавіта беларускае адзенне? (Бацькі адказваюць.)
Вядучы: Вялікі дзякуй усім за ўдзел у гульнях! Я бачу, што і бацькам, і дзецям было вельмі цікава гуляць у беларускія гульні.
5-ы пялёстак: “Беларускае традыцыйнае свята”
Вядучы: Дзеці, а якія беларускія святы вы святкавалі ў дзіцячым садзе, у хаце са сваёй сям’ёй? (Адказы дзяцей.)
(На экране дэманструюцца слайды з беларускімі традыцыйнымі святамі “Калядкі”, “Гуканне вясны”).
Вядучы: Бабуля (імя дзіцяці) хоча пазнаёміць вас яшчэ з адным беларускім святам, якое святкуецца летам.
(Расказ суправаджаецца слайдамі.)
Бабуля: Надышла пара расказаць вам пра самае-самае цікавае – купальскае свята. Праводзіцца яно ў гонар сонца, а таксама ў гонар кветак і раслін, якіх так многа ў нашым краі.
У даўнейшыя часы жыла-была Папараць-кветка. Яна была вельмі прыгожая, падобная на агеньчык. Той чалавек, які адшукае кветку, стане шчаслівым. У купальскую ноч вадзілі карагоды, спявалі песні, пераскоквалі цераз вогнішча. Дзяўчаты плялі вянкі з кветак, долю загадвалі:
Калі мая доля добрая –
Звіся, вяночак, як гаёчак!
Калі мая доля шчасная –
Хай свеціць сонца яснае!
Вядучы:
Народныя гульні –
Вы ўсім на пацеху.
Фальклорныя гульні –
Вы з радасці, смеху.
Хуценька сюды, народ!
Запрашаем у карагод!
Беларуская народная гульня “Купалінка”
6-ы пялёстак: “Пачастуем дарагіх гасцей”
Вядучы: Кожны народ мае свае любімыя стравы. У беларусаў гэта дранікі, квашаная капуста, мачанка, бульбянікі.
(На экране дэманструюцца слайды з беларускімі стравамі.)
Вось цяпер тата (імя дзіцяці) раскрые сакрэт падрыхтоўкі бабкі са смятанай.
Тата: У нашай сям’і любяць гэту страву. Яна рыхтуецца хутка, але паверце гэта вельмі смачна. Рэцэпт яго вельмі просты. У працёртую сырую бульбу дабаўляюць муку, соль, перац, соду, цыбулю, смажаную свініну(сала), усё перамешваюць, кладуць на бляху альбо вогнеўстойлівы посуд, змазаны тлушчам, і запякаюць. Падаюць у гарачым выглядзе, паліўшы смятанай.
Вядучы: Цяпер нашы госці знімуць пробу. (Усе частуюцца.)
Ну як, смачна? (Адказы гасцей і дзяцей.)
Вядучы: Вялікі вам дзякуй за смачную страву! Мы абавязкова паспрабуем прыгатаваць яе самастойна.
Хлопчык:
Я люблю сваю хату
І падвор’е, і сад.
Дзе і сонца багата,
Дзе я кожнаму рад.
Дзяўчынка:
Радзіма – казка пра гнома,
Радзіма – сцежка ў сад.
Усюды добра, а дома
Лепш у сто раз.
Вядучы: Правільна, дзеці, усюды добра, а дома лепей.
Матуля: А я хачу прачытаць свой верш пра нашу цудоўную Радзіму – Беларусь.
Як цудоўна ў нашай Беларусі!
Шыр палёў, ды гладзь азёр і рэк.
Клёкатам над хатай стрэне бусел,
Дабрынёй і ласкай – чалавек.
Дыхаць вольна ў лесе беларускім
І прыемна ў садзе адпачыць.
Па сцяжынках, нават самых вузкіх,
Хочацца хадзіць, хадзіць, хадзіць.
Дык жыві ж ты, родная Радзіма,
Хай бясконца цягнецца твой век!
Беды ўсе няхай праходзяць міма,
І шчаслівы будзе чалавек!
Вядучы: Вялікі вам дзякуй за такі мілагучны, прыгожы верш!
Вядучы: Ну вось наша сустрэча падыходзіць да канца, засталося толькі падзякаваць тым, хто дапамог нам сёння – вам, дарагія мамы і таты, бабулі і дзядулі. І ад імя ўсіх нашых дзяцей хочацца сказаць, што мы вас вельмі любім! Жадаем вам шчасця, здароўя! А нашы дзеці ўсімі сіламі будуць дапамагаць ствараць утульнасць у вашым доме, захоўваць яго цяпло.
Прыйдзе час – і нашы дзеці будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. І вельмі важна ўжо зараз пастаянна звяртаць увагу на выхаванне ў іх пачуцця патрыятызму, фарміраванне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у цэнтры якой будзе ўсведамленне ўласнай адказнасці за лёс Радзімы.
Вядучы: Няхай для нас гучыць песня пра бацькоўскі дом.
Гучыць песня “Хата бацькоў” (словы і музыка В.Карпанава) у выкананні беларускага гурта “Дразды”.