Тыдзень каліграфіі “Залатое пяро”

- 10:23ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Апошні тыдзень трэцяй чвэрці ў 1-м класе Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна стаў тыднем каліграфіі пад назвай “Залатое пяро”.

Задачамі тыдня ставіліся адпрацоўка навыкаў каліграфічнага пісьма, праца над фарміраваннем арфаграфічнай зоркасці, прывіццё цікавасці да ўрока беларускай мовы, дапамога вучням у раскрыцці творчага і эстэтычнага патэнцыялу праз удзел у мерапрыемствах.

Вучні падарожнічалі па станцыях краіны Залатое пяро. Кожны дзень Жар-птушка чакала першакласнікаў на новай станцыі з цікавымі заданнямі.

На станцыі “Пластылінавая” з дапамогай пластыліну вучні вылепілі літары, на якія пачынаюцца іх імя і прозвішча. А хлопчыкі захацелі зрабіць літары з дроту, і гэта ім удалося. На станцыі “Прапісная літара” кожны пісаў каліграфічна правільна вялікую і малую літару і маляваў прадмет, назва якога пачынаецца на гэту літару. Потым сабралі ўсе літары па парадку і атрымалі алфавіт прапісных літар.

Творчы настрой панаваў на станцыі “Крупяная”, дзе дзеці пісалі літару клеем і пасыпалі рознымі крупамі. А вось дзень на станцыі “Разам з бацькамі” аб’яднаў творчасць дарослых і дзяцей. Першакласнікі дома з бацькамі рабілі аб’ёмныя літары, упрыгожвалі іх на свой густ, а пасля вучні дэманстравалі свае працы ўсяму класу.

На станцыі “Лепшы сшытак” прайшоў конкурс на самае акуратнае і прыгожае пісьмо ў пропісі. Лепшыя пропісі занялі месца на выставе. Гэта былі сшыткі Эміліі Юнда, Яны Круповіч, Ясеніі Міхалевіч, Соф’і Раманчук і Паліны Сценчык.

Нарэшце, на апошняй станцыі пад назвай “Залатое пяро” вучні спісвалі тэкст з друкаванага ўзору, а пасля іх работы размясцілі на стэндзе “Тыдзень каліграфіі”.

Падарожжа завяршылася ўзнагароджваннем самых актыўных удзельнікаў граматамі і дыпломамі. Вучні зразумелі, што каліграфія выхоўвае цярпенне і ўсідчывасць, трэніруе памяць, развівае дробную маторыку і раскрывае творчыя здольнасці.

Тыдзень вучням спадабаўся і яны выказалі жаданне здзяйсняць падарожжа ў краіну Залатое пяро кожны год.

 

Валянціна СЕНКАНЕЦ,
настаўнік пачатковых класаў
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий