Кожнае дзіця марыць атрымаць асалоду ад сонечных дзянькоў у коле вясёлай кампаніі сваіх сяброў і блізкіх. І для гэтага ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна з 22 чэрвеня па 16 ліпеня працаваў лагер з дзённым знаходжаннем.
Для камфортнага адпачынку дзяцей былі падрыхтаваныя памяшканні для гульняў і сну, гульнявая пляцоўка на вуліцы. Арганізавана паўнавартаснае трохразовае харчаванне. Над гэтым працавалі кухары СШ № 1 Карэліч. Педагогі ЦКРНіР распрацавалі шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў, у цэнтры якіх – дзіця, яго інтарэсы, здароўе і бяспека. Выхаваўча-адукацыйная работа з дзецьмі была спланаваная па тыднях з пэўнай тэматыкай: першы тыдзень – тыдзень бяспекі, другі – тыдзень здароўя, трэці – тыдзень беларускіх традыцый, чацвёрты – тыдзень спорту.
Мы працягвалі і ў летні час знаёміць навучэнцаў з традыцыямі, гісторыяй, культурай, прыродай роднага краю, пасёлка. Дзеці сумесна з педагогамі стварылі тэматычны куток “Мая малая радзіма”, правялі флэш-моб “Малой радзіме прысвячаецца”, віртуальнае падарожжа “Адкрыем Беларусь для моладзі свету” да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. На працягу лагернай змены дзеці здзейснілі экскурсіі па пасёлку “Агонь Перамогі ў руках маладых” у рамках удзелу ў абласным марафоне да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічалі ў мерапрыемстве “Дарогамі памяці, дарогамі міру” ў рамках рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 75!”, аформілі калаж “Героі Вялікай Айчыннай вайны”.
Вялікая ўвага ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі надавалася правілам бяспечных паводзін і стварэнню бяспечных умоў у месцах знаходжання дзяцей, фарміраванню культуры бяспечнай жыццядзейнасці. Штодня мы пачыналі з азбукі бяспекі на актуальныя тэмы: “Рэспіраторны этыкет”, “Бяспечны пераход”, “Урокі доктара Айбаліта” з выкарыстаннем мультыплікацыйных праграм “Урокі асцярожнасці” (“Урокі цётачкі Савы”) і “Азбука бяспекі” ад Смяшарыкаў. Праведзены мерапрыемствы па замацаванні ўменняў і навыкаў бяспечных паводзін пры пажары “Гульнятэка Бравага Пажарнага”, па выкананні правілаў дарожнага руху “Падарожжа ў краіну ПДР”, папярэджанні бытавога траўматызму “Школа бяспечных учынкаў”.
Выкарыстоўваючы мультыплікацыйныя фільмы, педагогі пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з героямі юбілейных літаратурных выданняў, арганізавалі выставу літаратуры да 155-годдзя з часу публікацыі казачнай аповесці “Аліса ў краіне цудаў” Л.Кэрала, 235-годдзя “Прыгод барона Мюнхаузена” Э.Распэ, да 65-годдзя з часу публікацыі аповесці “Малы і Карлсан, які жыве на даху” А.Ліндгрэн, да 55-годдзя выхаду ў свет кнігі “Нязнайка на Месяцы” М.Носава. Дзеці з цікавасцю разглядалі кнігі пра казкі і казачных герояў, слухалі ўрыўкі з твораў.
Штодзённыя падзеі, мерапрыемствы ў лагеры адзначаліся на сайце ўстановы адукацыі і ў фотарэпартажы “Шчаслівы кадр”. У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй бацькі маглі віртуальна ўдзельнічаць у падзеях дня ў закрытай групе УКантакце і Viber.
Галоўнай ідэяй працы з дзецьмі ў аздараўленчым лагеры з’яўляецца захаванне і ўмацаванне іх здароўя, таму штодня праводзіліся загартоўванне, гульні на свежым паветры, тэматычныя прагулкі “Назіранне за ветрам”, “Назіранне за мурашкамі”, “Назіранне за квітнеючымі раслінамі” і іншыя, гульні-падарожжы “Купальскія прыгоды”, “Вітаміны для здароўя”, “Што мы ведаем пра наша харчаванне”.
Спадзяёмся, што час, які дзеці правялі ў лагеры, ім запомніцца. Выхаванцы ўмацавалі сваё здароўе, набраліся фізічных сіл і набылі новыя веды.
Алена АШМАНКЕВІЧ,
начальнік лагера “Вясёлка” пры ЦКРНіР Карэліцкага раёна