Не забыць такое ніколі

- 14:14ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

У Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху адбылася сустрэча з унікальнай асобай, чалавекам незвычайнага лёсу, былым вязнем канцлагера Асвенцым Захарам Захаравічам Тарасевічам, дачка якога – наша калега.

Малалетнія вязні канцлагераў… Як дзіўна і страшна гучаць гэтыя словы! Цяжка ўявіць, што можна было адабраць у хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі дзяцінства, хлеб, дом, матчыну ласку, але і Радзіму, свабоду…

Пад гукі сваёй любімай песні “Малінавы звон” у залу ўвайшоў упэўненым крокам і са светлай усмешкай Захар Захаравіч Тарасевіч. Прыгожы, статны, падцягнуты, з узнагародамі на грудзях. Ганаровага госця жывым калідорам з кветкамі ў руках сустракалі старшакласнікі. Педагогі і дзеці стоячы віталі госця гучнымі апладысментамі.

Свой аповед Захар Захаравіч пачаў з прызнання ў любові да Радзімы і выказаў радасць за наша шчаслівае жыццё пад мірным небам. Сустрэча праходзіла ў цёплай, добрай і адначасова ўрачыстай абстаноўцы. Вучні і педагогі былі ўзрушаны лёсам маленькага хлопчыка Захара, які перажыў у дзіцячыя гады жахі фашысцкіх лагераў, смерць самых дарагіх людзей: маці, брата і сясцёр.

“У нашай сям’і было шасцёра дзяцей: тры браты і тры сястры. Мне споўнілася 7 гадоў, калі пачалася вайна. Бацька, Захар Рыгоравіч, старэйшы брат Іван і сястра Аляксандра з мужам сышлі ў партызанскі атрад. Народныя мсціўцы вялі актыўную барацьбу з фашыстамі, не даючы ім спакою ні днём, ні ноччу. Акупанты ж са страшнай жорсткасцю спаганялі ўсю сваю злосць на мясцовым насельніцтве. У выніку карнай аперацыі “Котбус” у маі 1943 года большасць населеных пунктаў, у тым ліку і наша вёска Лясіны, што на Віцебшчыне, былі спалены, а іх жыхароў адканваіравалі ў Лепель. Туды ж патрапіў і я са сваімі роднымі: бацькам, Захарам Рыгоравічам, (ён быў паранены да таго часу), маці, Паўлінай Гарасімаўнай, сёстрамі Аляксандрай, Аленай і Антанінай, братам Валодзем. Наша сям’я, як і іншыя партызанскія сем’і, была арыштаваная па даносе здраднікаў. Сястру Алену адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Нас жа павезлі ў канцлагер “5-ы полк” Віцебска, а адтуль у верасні 1943 года даставілі ў канцлагер Аўшвіц (Асвенцым). Там дарослым і дзецям на левай руцэ выкалалі лагерныя нумары. Мой нумар 149801. І сёння, праз 75 гадоў, ён выразна бачны і не дае забыць перажытае.

Так для нашай сям’і пачалося поўнае страхаў і пакут лагернае жыццё. Кругласутачна курэлі трубы лагерных крэматорыяў, безупынна дзейнічаў пякельны канвеер смерці. Ужо пасля вайны я даведаўся, што члены нашай сям’і сталі ахвярамі ўрача-садыста Менгеле, які ўзначальваў жудасны так званы “Інстытут гігіены СС”. І хоць мне было ўсяго толькі 10 гадоў, я назаўсёды запомніў імя і аблічча ката, які праводзіў жахлівыя медыцынскія эксперыменты на жывых людзях, вязнях з розных краін. Мы ж, беларускія дзеці, сталі яго першымі паддоследнымі ахвярамі з Усходу.

У “Інстытут гігіены СС” першай трапіла і была закатавана паўтарагадовая сястра Антаніна. Наступным – пяцігадовы брат Валодзя. Неўзабаве і мяне павезлі ў гэтую ўстанову. На мне выпрабоўвалі новыя лекі: рэгулярна рабілі ўколы, давалі глынаць таблеткі, ад якіх вельмі кружылася галава, была моцная слабасць. Я часта падаў, губляў прытомнасць. Але нейкім цудам вытрымаў, застаўся жыць. У канцлагеры Асвенцым былі таксама закатаваны мая маці і старэйшая сястра, якой узімку 1944 года прыйшла пара нараджаць. Яе кудысьці адвялі з бараку лекары-эсэсаўцы. Вярнулася яна ў слязах і без дзіцяці. Немаўля забралі фашысты, не сказаўшы нават, хто нарадзіўся.

Праз некаторы час разам з іншымі дзецьмі з Віцебскай вобласці я апынуўся ў лагеры Патуліца, дзе знаходзіўся замаскіраваны нямецкі шпіталь. Мы тут сталі донарамі для параненых нацысцкіх салдат. Многія дзеці загінулі ад страты крыві. У мяне аказалася рэдкая група крыві – чацвёртая. Яе выпампоўвалі часта і памногу. Калі яна не ішла, сцягвалі галаву джгутом. Часта я губляў прытомнасць, а калі прыходзіў у сябе, ізноў калолі вены. І зноў я цудам ацалеў, вытрымаў усе страшныя мукі. З ліку дзяцей, якія прыбылі ў канцлагер у верасні 1943 года, пасля жахлівых медыцынскіх эксперыментаў у жывых застаўся толькі адзін з дзесяці. І гэта было подзвігам – подзвігам выжывання”.

Мы глядзелі на даваенную сямейную фатаграфію, з болем у сэрцы слухалі аповед гэтага сівога чалавека. Цяжка было ўявіць, што перанёс калісьці сямігадовы хлапчук. На вочы ва ўсіх наварочваліся слёзы, у горле стаяў ком. Няўжо могуць пакінуць абыякавымі каго-небудзь такія горкія і страшныя ўспаміны Захара Захаравіча?!

“У красавіку 1944 года нас з Патуліцы пераправілі ў дзіцячы канцлагер Канстантынаў каля Лодзі, дзе прыходзілася цяжка працаваць на палях. У лагеры была казарменная дысцыпліна, пастаянная муштроўка, прымушалі спяваць фашысцкія песні. У лютым 1945 года нас вызваліла з няволі Чырвоная Армія. Усіх дзяцей размеркавалі па дзіцячых дамах Расіі. Я трапіў у Барысаўскі дзіцячы дом Курскай вобласці. У 1946 годзе мяне знайшоў бацька. З усіх членаў нашай сям’і, якія прайшлі праз пакуты пекла канцлагераў, ацалелі толькі мой бацька і я…”

Пасля вайны Захар Тарасевіч скончыў школу, адслужыў у Савецкай Арміі, атрымаў вышэйшую адукацыю. Больш за 55 гадоў працаваў у сістэме энергетыкі, прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы ад майстра да начальніка механізаванай калоны № 84 трэсту “Захадэлектрасеткабуд”, несучы сваё святло і цяпло людзям не толькі ў нашай рэспубліцы, але і на ўсёй велізарнай тэрыторыі Расіі, ад Калінінграда да Крайняй Поўначы, а таксама Малдовы і Украіны. За вялікі асабісты ўклад, добрасумленную працу ў галіне Захар Захаравіч узнагароджаны дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, знакамі “Выдатнік энергетыкі СССР” і “Ганаровы энергетык СССР”, “Выдатнік энергетыкі Рэспублікі Беларусь”, “Ганаровы энергетык Рэспублікі Беларусь”. Толькі ў 70 гадоў пайшоў ён на заслужаны адпачынак.

Захар Захаравіч даў сабе клятву: “Калі выжыву, буду заўсёды дапамагаць дзецям!” І клятву сваю ён стрымаў. Прадпрыемства, якое ўзначальваў Захар Захаравіч, заўсёды аказвала вялікую дапамогу Беларускаму Дзіцячаму фонду. За добрае і чулае сэрца, міласэрнасць і клопат пра дзяцей З.З.Тарасевіч мае падзякі і Ганаровыя граматы, ганарыцца медалём “Сябар дзяцей”. Жахі канцлагера, страта самых блізкіх яму людзей, апаленае вайной дзяцінства, не зламалі душу Захара Захаравіча, яго веру ў людзей, у жыццё.

І сёння ён актыўны і бадзёры, шмат чытае, з’яўляецца ганаровым удзельнікам грамадска значных мерапрыемстваў. Піянерская арганізацыя сярэдняй школы № 38 Гродна носіць яго імя. Каля 30 гадоў З.З.Тарасевіч ўзначальвае Гродзенскую абласную арганізацыю былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Шмат часу, сіл і здароўя аддае сацыяльнай абароне гэтых людзей, аказвае ім усялякую дапамогу і падтрымку. За нястомную высакародную і значную працу Захар Захаравіч мае шматлікія падзякі і Ганаровыя граматы дзяржаўных і грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь, а таксама Расіі і Украіны. Вялікае значэнне ён надае патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, таму пастаянна сустракаецца з моладдзю. А ў вольны час Захар Захаравіч ездзіць на свой дачны ўчастак, які называе “спортпляцоўкай”.

9 мая Захар Захаравіч адзначыў сваё 86-годдзе. Так распарадзіўся лёс, што яго дзень нараджэння супадае з Днём Вялікай Перамогі. Для ўсёй сям’і гэта асаблівае, двайное свята. З жонкай, Ірынай Францаўнай, яны пражылі больш за паўстагоддзя, выхавалі дваіх дзяцей, сына Уладзіміра і дачку Алену. У Захара Захаравіча пяць унукаў і два праўнукі, якія ганарацца сваім выдатным дзядулем, вельмі любяць і цэняць яго.

Да ўсіх прысутных Захар Захаравіч звярнуўся з такімі словамі: “Цяпер трэба зрабіць усё, каб мы былі моцнымі, згуртаванымі, а малодшае пакаленне паважала старэйшых! Жадаю паспяхова вучыцца, выбраць прафесію, быць сапраўднымі людзьмі! Паважаць і любіць бацькоў, сваю Радзіму!”

Лілія ЖЫЛКО,
педагог сацыяльны Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий