Дашкаляты пазнаёміліся з газавымі прыборамі

- 12:36ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Супрацоўнікі разлікова-касавага цэнтра вытворчага ўпраўлення “Мазыргаз” Анастасія Лазарэвіч і Святлана Мельчанка пазнаёмілі дзяцей ясляў-сада № 19 Мазыра з правіламі карыстання газавымі прыборамі.

Спачатку былі пытанні да выхаванцаў старшай групы № 1: для чаго патрэбна газавая пліта, ці можна ёй карыстацца дзецям, чым яна небяспечная? Затым распавялі пра прызначэнне газавай пліты і тое, як правільна ёй карыстацца:

– Варта толькі адкрыць гарэлку, паднесці да яе падпаленую запалку – і тут жа ўспыхне агонь. Калі рабіць гэта няўмела, то можна абпаліць рукі.

Прафесіяналы папярэдзілі, што ні ў якім разе нельга чапаць кранікі як уключанай, так і выключанай пліты. Нельга дакранацца да полымя гарэлак або падносіць да яго паперу, цацкі і розныя прадметы. Звярнулі ўвагу на тое, што, калі пліта ўключана, лепш быць ад яе далей. А дзецям зусім нельга ўключаць пліту.

Анастасія Уладзіміраўна і Святлана Яўгеньеўна завастрылі ўвагу выхаванцаў на тым, што калі ў кватэры адчуваецца з’едлівы пах газу, неабходна патэлефанаваць па тэлефоне 104 і да прыезду дапамогі лепш пабыць у двары:

– У такім разе нельга нават карыстацца выключальнікам электрычнага святла. Каб выклікаць аварыйную службу газу, лепш за ўсё скарыстацца мабільным тэлефонам ці патэлефанаваць ад суседзяў.

Для замацавання прапанавалі дзецям набраць на цацачным тэлефоне нумар аварыйнай службы газу. Супрацоўнікі правяралі правільнасць набору і дапамагалі дзецям перадаць паведамленне. У канцы сустрэчы падарылі малым на памяць размалёўкі “Правілы карыстання газам у побыце”, лінейкі і шарыкі. Пасля сустрэчы дзеці засвоілі, што веданне элементарных правіл бяспекі і ўменне зарыентавацца ў надзвычайнай сітуацыі могуць не толькі выратаваць іх, але і прадухіліць узнікненне такіх сітуацый.

Людміла КУКСАЧЭНКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 19 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий